Дэлегацыя Анголы азнаёмілася з вытворчымі магутнасцямі БелАЗа

8 июня 2016

Гэтымі днямі Беларусь наведвае дэлегацыя паўднёваафрыканскай краіны Анголы на чале з міністрам геалогіі і горнай прамысловасці. Госці азнаёмілася з вытворчымі магутнасцямі БелАЗа. Зараз у Анголе працуюць тры 130-тонныя самазвалы. Гэта першыя мадэлі такой грузападымальнасці ў краіне. Цікавасць гасцей да набыцця новых мадэляў падмацавалі тэст-драйвам на нашым рэкардсмене - самым вялікім у свеце самазвале. Прадстаўнікі дэлегацыі азнаёміліся таксама з механізмамі яго кіравання.

Франсішку Мануэл Мантэйру Кейраш, міністр геалогіі і гарнаруднай прамысловасці Анголы: "Калі хаця б адзін такі 450-тоннік будзе працаваць у нас у Анголе, то гэта было б паказчыкам, што наша прамысловасць зрабіла крок наперад. У алмазаздабыўной галіне да 2018 года ў нас з'явіцца яшчэ адно буйное прадпрыемства. Там такія машыны будуць незаменныя".

Сяргей Амелін, дырэктар алмазаздабыўнога прадпрыемства (Ангола): "У нас сёння падпісаны кантракт на пяць 136-тонных машын і дзве 450-тонныя машыны. Да канца 2018 года мы плануем купіць яшчэ 18 машын".

Дарэчы, навучаць новых аператараў для кіравання БелАЗамі на алмазаздабыўных прадпрыемствах Анголы будуць нашы спецыялісты.