Д.Мірончык: Беларусь нязменна выступае за кампетэнтны дыялог па ўсіх пытаннях будаўніцтва БелАЭС

5 января 2017

Беларусь нязменна выступае за кампетэнтны дыялог па ўсіх пытаннях будаўніцтва БелАЭС паміж профільнымі ведамствамі. Пра гэта заявіў на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, калі каменціраваў прызначэнне Літвой спецыяльнага пасла па пытаннях будаўніцтва БелАЭС.  Але пакуль літоўскі бок афіцыйна не паведамляў МЗС ні пра кола абавязкаў, ні пра паўнамоцтвы, ні пра персону пасла.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: 

"Калі літоўскаму боку для больш эфектыўнага дыялогу з намі патрабуецца каардынатар у сценах МЗС, то гэта яго права, і мы гэта можам толькі прывітаць. Калі ж гэтая пасада засноўваецца толькі дзеля далейшай палітызацыі пытання, пераносу дыскусій на міжнародныя пляцоўкі, якія часцяком не маюць ніякага дачынення ні да ядзернай тэматыкі, ні да энергетыкі, ні да экалогіі, то ў такім разе гэта, хутчэй, контрпрадуктыўны крок".

Што датычыцца магчымых крокаў у адказ краін Шэнгенскага пагаднення пасля ўводзін Беларуссю з 1 студзеня новых адзіных ставак консульскіх збораў за выдачу віз, то беларускі бок рады прывітаць любыя меры замежных партнёраў у палягчэнні або адмене візавага рэжыму,  адзначылі ў МЗС. Нагадаем, зараз за выдачу індывідуальных віз для ўездаў у Беларусь, незалежна ад іх колькасці,  консульскі збор складзе 60 еўра, за выдачу групавой візы - 10 еўра з чалавека.