Будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск пачнецца ў кастрычніку

3 февраля 2016

Звыш 4 з паловай трыльёнаў рублёў будзе накіравана на рэалізацыю дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы сёлета. Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў канцы студзеня. Фінансаванне атрымаюць 99 праектаў. У іх ліку найважнейшыя для краіны прамысловыя, сацыяльныя і інфраструктурныя аб'екты. Сярод іх будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Працы па мадэрнізацыі галоўнай паветранай гавані Беларусі пачнуцца ў кастрычніку і абыдуцца ў 320 мільёнаў долараў. Не выключана, што да праекта падключацца замежныя фундатары. Аб гэтым сёння ў эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму каналу паведамілі ў дэпартаменце па авіяцыі.

Чаму і куды дзяржава ў няпросты для эканомікі час укладвае грошы - высвятляла Ілона Красуцкая. У канцы мінулага тыдня СМІ растыражавалі падрабязны шорт-ліст дзяржаўнай інвестпраграмы на 2016 год. Яе зацвердзіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

99 аб'ектаў. Інвестыцыі на суму звыш 4,5 трлн. рублёў прадугледжаныя на прамысловыя, сацыяльныя і інфраструктурныя аб'екты. У прыватнасці, фінансаванне атрымаюць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, такія патрэбныя краіне дзіцячыя сады і, напрыклад, кацельня ў Астраўцы. Дарэчы, у адрозненне ад леташняй гэтая дзяржінвестпраграма падтрымае ўдвая больш праектаў, а фінансавыя ўліванні павялічаныя на трыльён.

Яшчэ адзін з аб'ектаў, якія прафінансуе дзяржава, будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Будаваць другую ўзлётную першапачаткова ўзяліся партнёры з Азіі. Аднак іх умовы з часам змяніліся, праект стаў даражэйшы. Вырашылі ўзводзіць самі. Дарэчы, ініцыятарам будаўніцтва новай паласы і (уласнымі сіламі) быў менавіта Кіраўнік дзяржавы. У красавіку 2014 года Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з першым этапам рэканструкцыі Нацыянальнага аэрапорта. Неўзабаве дзякуючы прэзідэнцкаму ўказу інвестпраект па рэканструкцыі аэрапорта атрымаў новую крыніцу фінансавання і новага генпадрадчыка.

Эксклюзіўна для здымачнай групы Агенцтва тэленавін Дэпартамент па авіяцыі сёння ўпершыню правёў публічную прэзентацыю новай узлётнай. Яна будзе на 60 метраў даўжэйшая за папярэднюю - 3700 метраў. А вось шырыня застанецца ранейшай - 60. Праект ацанілі ў 320 мільёнаў долараў.

Для палётаў у цёмны час сутак і складаных метэаўмовах новая ўзлётная прадугледжвае камплект святлосігнальнага абсталявання, дадаткова пабудуюць і тры дыспетчарскія пункты. Другую паласу завершаць у канцы 2018-га і адразу пачнуць рэканструкцыю першай. Акрамя таго, у Нацыянальным аэрапорце з'явіцца яшчэ адзін міжнародны тэрмінал.

Паветраныя вароты краіны ўжо даўно ператварыліся ў міжнародны транзітны хаб. Тым не менш, першая ўзлётная не адпавядае прагназуемым нагрузкам. Мяркуецца, да 2035-га года колькасць узлётаў і пасадак у аэрапорце Мінска перавысіць 65 тысяч. Сутачная інтэнсіўнасць палётаў прыкладна складзе 260 за суткі і 20 за гадзіну. А аб'ём пасажырскіх перавозак штогод звыш 7 мільёнаў.

Вышыня бетонавага пакрыцця новай узлётна-пасадачнай паласы - удвая большая за папярэднюю - 44 см. Гэта дазволіць пасадзіць тут самы вялікі ў свеце пасажырскі самалёт А380.

Пасля поўнамаштабнай рэканструкцыі год таму прапускная здольнасць аэравакзала вырасла да пяці мільёнаў васьмісот тысяч чалавек за год. А новыя залы чакання Нацыянальнага аэрапорта зараз больш нагадваюць лаўнж-зоны. Зручныя ложкі, мяккія лежакі і нават сліп-боксы. Гэта спецыяльныя пакойчыкі для сну.

Стабільна развіваецца і нацыянальны авіяперавозчык. Па выніках 2015-га, пасажырапаток вырас на 7%. "Белавія" перавезла амаль 3 мільёны чалавек. У найбліжэйшых планах - далейшае абнаўленне авіяпарка. Ужо сёлета кампанія набудзе 3 "боінгі".