Што абяцае цёплае надвор’е палеткам з азімымі культурамі

18 января 2020
Незвычайна цёплы студзень пануе ў Беларусі. На календары сярэдзіна зімы, а за вакном - лужы. Так, на поўначы краіны тэмпературы фон вышэй за кліматычную норму на 5-8 градусаў. Там-сям з’яўляецца інфармацыя, што ў лесе прачнуліся пралескі, на дрэвах набраклі пупышкі. 

Вольга Маслоўская задалася пытаннем, што абяцае цёплае надвор’е палеткам з азімымі культурамі. І дзеля гэтага адправілася ў гаспадаркі Віцебскага раёна.  Мінус адзін - плюс тры. Слупок тэрмометра гэтымі днямі на поўначы Беларусі вышэй за кліматычную норму на 5-8 градусаў. Сіноптыкі канстатуюць: такі тэмпературны фон характэрны для трэцяй дэкады сакавіка. Азімыя культуры пачынаюць адгукацца на прыроднае цяпло.

У вытворчым кааператыве "Альгоўскае" пад азімую пшаніцу аддадзена 1000 гектараў. Столькі ж плануюць засеяць яравымі. Пакуль сітуацыя з пасевамі блізкая да нормы. Ускладніць сітуацыю могуць раптоўныя сумёты - у незамерзлай глебе пры станоўчай тэмпературы пад снегам развіваецца цвіль. А вось працаўнікам цяплічнага камбіната "Рудакова" станоўчыя тэмпературы на руку - ужо падлічваюць эканомію на абагрэве цяпліц. 

У цяпліцах ужо паспеў першы ўраджай агуркоў. Акрамя "плюс 25-ці па Цэльсію" гародніне патрэбна сонечнае святло. Але ў гэтыя дажджлівыя студзеньскія дні яно ў дэфіцыце. 20 гадзін за суткі расліны падсвятляюць пры дапамозе шасці тысяч лямпаў магутнасцю 600 ват. Пад штучным сонцам у "Рудакове" працуюць 160 агароднікаў. Кажуць: якое б ні было надвор’е за вакном, на іх працоўным месцы заўсёды лета.