Чвэрць суб'ектаў гаспадарання Аршанскага раёна могуць прэтэндаваць на падатковыя льготы

16 января 2019

Згодна з падлікамі спецыялістаў, чвэрць суб'ектаў гаспадарання, якія зарэгістраваныя ў Аршанскім раёне, могуць прэтэндаваць на падатковыя льготы, прапісаныя ў 506 Указе Прэзідэнта "Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці".

Дакумент уступіў у сілу два тыдні таму. Сёння механізмы яго дзеяння абмеркавалі ў Віцебскім аблвыканкаме. Істотнае зніжэнне падатковай нагрузкі адчуюць ІП і юрасобы, якія зарэгістраваныя ў Оршы і там працуюць. І некаторыя з іх ужо звярнуліся ў Беларускую гандлёва-прамысловую палату за сертыфікатам. Разглядаць дакументы спецыялісты абяцаюць без затрымак: у сістэме БелГПП працуюць 160 экспертаў, ёсць прадстаўніцтва і ў самой Оршы. У топе першарадных задач таксама рост занятага ў эканоміцы раёна насельніцтва.

Нормы 506-га ўказа Прэзідэнта накіраваны на стварэнне ўмоў для комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага раёна, павышэнне якасці жыцця насельніцтва, стымуляванне прадпрымальніцтва. Дакумент змяшчае праграму развіцця рэгіёна на перыяд да 2023 года.