Праз год Віцебская вобласць павялічыць пагалоўе свіней удвая

18 ноября 2014

Такую задачу перад АПК рэгіёна па даручэнні Кіраўніка дзяржавы паставіў урад. Сёння ў комплексах Прыдзвіння ўтрымліваецца 205 тысяч свіней. Зараз усе фермы і жывёлагадоўчыя комплексы, якія былі закрытыя, мадэрнізуюцца з улікам строгіх патрабаванняў па біялагічнай бяспецы. Там, дзе тэхнічнае абсталяванне завершанае, праводзяць так званыя біяпробы - на ўтрыманне пастаўлена невялікае пагалоўе свіней.


Уладзімір Машэра, першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама:


Сёння выдзелены пэўныя сродкі, каб правесці неабходны рамонт па біялагічнай абароне комплексаў, каб не дапусціць захворвання свіней, не дапусціць нейкіх рэцыдываў па гэтым кірунку. У вобласці вядзецца планамерная работа па падрыхтоўцы матачнага пагалоўя для засялення ў свінакомплексы. Я думаю, мы са сваёй задачай справімся.


Зараз пагалоўе аднаўляюць на шасці свінакомплексах. Усяго ў Віцебскай вобласці будуць працаваць 22 фермы. Аднаўляць гаспадаркі, пабудаваныя яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, не будуць. Гэта нявыгадна.