Спіс прадпрыемстваў для абмену на чэкі "Маёмасць" пашыраны да 104

17 января 2017

Чэкам "Маёмасць" вызначылі крайні тэрмін. У сярэдзіне 2019 яны завершаць сваё абарачэнне. Нагадаем, гэта накшталт долі кожнага грамадзяніна ў маёмасці дзяржавы. Сёлета спіс прадпрыемстваў для абмену на чэкі "Маёмасць" пашыраны да 104. Якія кампаніі ў спісе і як ажыццявіць выгадны абмен? У нюансах разбіралася Ксенія Лебедзева.

Валюшна-лямцавая фабрыка ў Смілавічах - адно з прадпрыемстваў, акцыі якога можна атрымаць у абмен на чэкі "Маёмасць". Фабрыка з багатай гісторыяй: у сакавіку наступнага года ёй споўніцца 90. Выпускаюць тут валёнкі. Падавалася б, абутак з мінулага стагоддзя. Але ў сучасным дызайне ён і ў нашы дні нарасхват. 

70% прадукцыі фабрыкі ідзе на экспарт. Аднак геаграфія паставак валёнак са Смілавіч увесь час пашыраецца. Ужо больш за 10 краін. У спісе аматараў натуральнага абутку з воўны Расія, Латвія, Казахстан, Канада і Фінляндыя.

Валёнкі па-ранейшаму робяць уручную. Машыны выкарыстоўваюць толькі для замацавання падэшвы і ўпрыгожванняў.

Беларусам, у якіх на руках застаюцца чэкі "Маёмасць", спецыялісты раяць прыгледзецца да падобных прадпрыемстваў. Многія ўжо выплачваюць акцыянерам годныя дывідэнды.

Андрэй Аўхіменя, старшыня праўлення Беларускай валютна-фондавай біржы: "У 2016 годзе ў гандлёвай сістэме "Біржа" складзена каля 3 000 здзелак на суму больш за 50 млн дэнамінаваных рублёў. На пазабіржавым рынку - каля 2 000 здзелак на суму каля 60 млн дэнамінаваных рублёў".

Сёлета спіс прадпрыемстваў для абмену на чэкі "Маёмасць" пашыраны. Дадалі 13 новых акцыянерных таварыстваў. З поўным спісам можна азнаёміцца ў аддзяленнях Беларусбанка.

Андрэй Канавалаў, галоўны спецыяліст дэпартамента рознічнага бізнесу ААТ "АСБ "Беларусбанк": "Грамадзяніну Беларусі неабходна звярнуцца ў структурнае падраздзяленне банка і прад'явіць спецыялісту сертыфікат чэкаў "Маёмасць" і пашпарт, які сведчыць асобу. Падпісваем адпаведную дамову. Працэдура займае 10-15 хвілін. У выпадку згубы сертыфіката чэкаў "Маёмасць" банк выдасць дублікат".

Нягледзячы на прастату працэдуры абмену, зараз, праз  20 гадоў пасля выпуску чэкаў "Маёмасць", на руках у насельніцтва амаль што палова гэтых каштоўных папер.

Андрэй Нагорны, кансультант упраўлення ўліку і распараджэння акцыямі Дзяржкамітэта па маёмасці Беларусі: "Каля 240 мільёнаў чэкаў. Гэта 40% прыкладна. Прапаноўваецца для абмену каля 19 млн чэкаў. Але, зыходзячы са статыстыкі абмену мінулых гадоў, за год абменьваецца не больш за 500 000 чэкаў. Таму гэтай колькасці акцый пакуль досыць".

Тэрмін абмену чэкаў "Маёмасць" пераносіўся ўжо неаднаразова. Плануецца, што ў сярэдзіне 2019 яны канчаткова спыняць хаджэнне. Да гэтага часу важна вызначыцца з прадпрыемствам, на акцыі якога абмяняць імянныя каштоўныя паперы. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя