У нашай краіне сёння адзначаюць Дзень энергетыка. Свята для 70-ці тысяч чалавек, якія забяспечваюць працу энергетычнай сістэмы краіны. Гэта складаны комплекс, што ўключае ў сябе электрастанцыі, кацельні, электрычныя і цеплавыя сеткі. Першая электраэнергія ўжо атрыманая і на самай буйной гідраэлектрастанцыі Беларусі - Віцебскай ГЭС.
Расказвае Вольга Маслоўская.
Інфармацыйнае табло адлічвае гадзіны безаварыйнай эксплуатацыі. У рабоце ўсе чатыры гідратурбіны. Іх запускалі па чарзе. На апошнюю паток вады падалі ўсяго некалькі гадзін таму.
Юрый Міцькавец, намеснік генеральнага дырэктара РУП "Віцебскэнерга": "ГЭС будзе функцыянаваць цэлы год. Падчас вясновай паводкі яна будзе працаваць з большай магутнасцю. Абсталяванне, якое зманціравана тут, вельмі адчувальнае да расходу вады, таму нават на мінімальных расходах абсталяванне будзе працаваць".
Віцебская ГЭС самая магутная ў Беларусі. Энергіі, што атрымліваецца з вады, хопіць, каб забяспечыць электрычнасцю Віцебскі раён. Зараз гідравузел працуе ў тэставым рэжыме. Завяршаюцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Сюй Цуньцзян, дырэктар будаўніцтва Віцебскай ГЭС (Кітай): "Для любой гідраэлектрастанцыі ключавым момантам з'яўляецца пачатак выпрацоўкі электраэнергіі. Мы гэты этап паспяхова пераадолелі. Запуск усіх турбін прайшоў па плане".
За плячамі спецыялістаў кітайскай інжынірынгавай кампаніі будаўніцтва электрастанцый на Янцзы і Хуанхэ. У Беларусі працуюць упершыню і гатовыя ўдзельнічаць у тэндары на ўзвядзенне аналагічнага аб'екта. Віцебская ГЭС першая, але не адзіная станцыя на Заходняй Дзвіне. У планах цэлы каскад гідравузлоў. Спецыялісты гавораць: толькі так можна атрымаць максімальную карысць з энергіі вады.
Ідэя будаўніцтва каскаду электрастанцый на рацэ Заходняя Дзвіна нарадзілася яшчэ ў Савецкім Саюзе. Праект распрацавалі ў 80-х, але вярнуліся да яго беларускія інжынеры толькі праз тры дзесяцігоддзі. У падтрымку Віцебскай і Полацкай ГЭС на галоўнай воднай артэрыі паўночнага рэгіёна ўзвядуць яшчэ Бешанковіцкую станцыю.
Зараз ідуць пошукі інвестара для будаўніцтва ГЭС недалёка ад Башанковіч. А работы на Полацкім гідравузле блізкія да завяршэння. З абводнага канала раку вярнулі ў звыклае рэчышча. У лютым запусцяць першую з пяці гідратурбін.













