Бюджэт-2019 без неабгрунтаваных выдаткаў. Урад сёння абмяркоўваў баланс выдаткаў і прыбыткаў у наступным годзе. Гэтае першае пасяджэнне Саўміна ў абноўленым складзе.
Па сутнасці, гэта дарожная карта або частка праграмы новай каманды Кабінета Міністраў, на што будзем рабіць стаўку, што ў выніку атрымаем. Колькі будзем зарабляць, за кошт чаго вырасце эканоміка, як будзе напаўняцца бюджэт, на якую інфляцыю разлічвае Нацбанк? Названыя галоўныя лічбы па павелічэнні ВУП, экспарце, інвестыцыях і зарплатах бюджэтнікаў. Аб арыенцірах на год будучы наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк.
Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця 2019, праект бюджэту і грашова-крэдытная палітыка на наступны год - першыя дакументы, якія сёння на пасяджэнні Саўміна абмяркоўваў абноўлены склад урада. Па сутнасці, гэта дарожная карта або частка праграмы новай каманды Кабінета Міністраў, на што будзем рабіць стаўку, што ў выніку атрымаем. Але, зразумела, не сухая статыстыка. За лічбамі план дзеянняў па кожнай з галін.
Гэты дыялог тут, у Доме ўрада, заключны перад унясеннем пакета дакументаў Прэзідэнту. Справіліся ў тэрмін. Ліміт быў да 1 верасня. Месяц таму гэтыя дакументы ўжо абмяркоўвалі дэталёва. Сёння з некаторымі ўдакладненнямі.
Каб своечасова рэагаваць на знешнія шокі, Нацбанк захавае гнуткую курсавую палітыку і будзе нарошчваць золатавалютныя рэзервы. Асноўнай жа мэтай рэгулятар называе абмежаванне інфляцыі.
Крыху больш сціплымі, на адну дзясятую, пасля папярэдняга абмеркавання сталі лічбы па росце ВУП - плюс 4 %. Асноўныя драйверы - інвестыцыі і экспарт. Прычым інвестыцый чакаюць не менш як плюс 9,5 %. Міністр эканомікі называе гэта задачай складанай, але рэальнай. Ужо пацверджана 670 праектаў, а гэта 80 % ад задання. Па экспарце таксама гатовыя на ўпэўненыя крокі наперад і па таварах, і па паслугах. Стаўка менавіта на паслугі плюс 7,5 %.
Як раз на новыя падыходы ў вырашэнні цяперашніх праблемных пытанняў і пралічаныя крокі на перспектыву, дзе важна бачыць, што рэальна спрацуе без датацый з дзяржказны, а толькі дзякуючы створаным умовам, скіроўваў абноўлены ўрад і Прэзідэнт у дзень, калі і былі названыя прозвішчы новай каманды.
І тут галоўнае - за вялікімі лічбамі бачыць чалавека. У наступным годзе колькасць занятых у эканоміцы вырасце на 10 тысяч. Тут не дэмаграфічны ўсплёск, а ўплыў пенсіённай рэформы. На заслужаны адпачынак ідуць пазней. Але рабочых месцаў пры гэтым плануюць стварыць больш. І як раз іх колькасць будзе ацэнкай эфектыўнасці працы мясцовых улад, а не перакладаннем сваіх абавязкаў на плечы прыватнага бізнесу. На гэтым скіраваў увагу прэм'ер. Палітыка ж рэальных даходаў застаецца той жа - зарплата ва ўвязцы з прадукцыйнасцю працы. Тэмп росту - 103,7 %.
І галоўнае, ва ўсіх дакументах адзіны падыход - збалансаванасць. Гэта значыць, што выдаткоўваць будзем столькі, колькі зможам зарабіць.













