Бюджэт-2014 захавае сацыяльную скіраванасць

16 декабря 2013

Дарэчы, як раз сёння бюджэт на будучы год у другім чытанні прынялі дэпутаты. Гэта, мабыць, галоўная фінансавая навіна дня. Бюджэт-2014 будзе бездэфіцытным і захавае сацыяльную скіраванасць. Дзяржава не збіраецца скарачаць выдаткі на аплату працы, пенсіі і стыпендыі, а таксама на такія сацыяльна-значныя сферы, як медыцына і адукацыя. Дзяржпадтрымка будзе накіравана на развіццё экспарту і мадэрнізацыю.


З падрабязнасцямі з авальнай залы - Алеся Высоцкая. Варыянтаў бюджэту на гэты раз было некалькі. У гарачых дыскусіях вылучаны найбольш аптымальны. Ён жа і самы эканомны - гаварылі сёння ў кулуарах.


Знайсці баланс паміж прыбыткамі і расходамі, дзесьці сэканоміць, каб лішкі накіраваць на больш важныя для развіцця краіны кірункі. Менавіта гэтыя задачы заўсёды стаяць перад распрацоўшчыкамі галоўнага фінансавага дакумента краіны. Па іх задумцы, бюджэт будзе бездэфіцытным. Прыбыткі роўныя выдаткам. Складуць ледзь больш за 128 з паловай трыльёнаў рублёў. Палову ўсіх трат дзяржавы зойме сацыялка.


Эканоміць не стануць на заработных платах, пенсіях і стыпендыях. Сярод дзяржпрыярытэтаў застаюцца таксама медыцына і адукацыя - у параўнанні з гэтым годам тут расходы нават павялічацца.


Дзяржпраграмы аптымізавалі. Фінансаванне з бюджэту атрымаюць толькі самыя эфектыўныя, якія, напрыклад, працуюць на рост экспарту, стварэнне новых вытворчасцяў, выпуск тавараў з высокім дабаўленым коштам.


Дзмітрый Харытончык, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: Бюджэт, вядома, напружаны. Але прадугледжаны, я лічу, значныя сродкі менавіта на развіццё прамысловага комплексу, у тым ліку гэтыя сродкі будуць накіраваныя і на мадэрнізацыю прамысловых прадпрыемстваў.


Стаўка рэфінансавання будзе зніжацца. Крэдыты стануць больш даступнымі. 23 працэнты прыбыткаў бюджэту краіна павінна атрымаць ад знешнеэканамічнай дзейнасці.


Сёння ж Палата прадстаўнікоў разгледзела яшчэ шэраг законапраектаў. Так, асобныя папраўкі ўдасканальвае дзейнасць судоў агульнай практыкі. У 2014 годзе пачне працаваць таксама закон, яго прынялі дэпутаты, які абароніць нас ад нядобрасумленных уладальнікаў інтэрнэт-магазінаў і навядзе парадак як у віртуальнай, так і ў рэальнай гандлёвай сетцы.