Быць ці не быць акумулятарнаму заводу пад Брэстам

15 января 2018

Пляцоўку вызначылі яшчэ два гады таму. Гэта свабодная эканамічная зона. Але такім суседствам занепакоены жыхары адразу некалькіх вёсак, бо ў вытворчасці будзе выкарыстаны свінец. Людзі перажываюць, што прадпрыемства акажа негатыўны ўплыў і на навакольнае асяроддзе, і на здароўе. Зараз ідзе збор подпісаў супраць будаўніцтва завода. У сітуацыі разбіралася Вікторыя Патоня.

Будаўніцтва завода ля аэрапорта ўжо вядзецца. На пляцоўцы працуе тэхніка. Менавіта тут і размесціцца першы ў краіне акумулятарны завод з поўным цыклам вытворчасці. Праект уключаны ў дзяржпраграму інавацыйнага развіцця краіны. Тут плануюць вырабляць свінцова-кіслотныя акумулятарныя батарэі.

Пакуль гэта першы пускавы комплекс, разлічаны на 1 млн акумулятараў за год. Плануецца стварыць 140 рабочых месцаў, а першы ўзор атрымаць ужо сёлета ў верасні. Але менавіта слова "свінец" насцярожвае жыхароў найбліжэйшых населеных пунктаў.

Галоўнае пытанне - экалагічная бяспека ля прамысловай зоны, бо побач дачныя ўчасткі, вёскі ды і сам абласны цэнтр. Людзі ўпэўнены: шкодныя выкіды ад вытворчасці акумулятараў негатыўна паўплываюць на здароўе. І актыўна збіраюць подпісы, каб спыніць будаўніцтва завода. У спісе ўжо больш за 5 тысяч прозвішчаў.

У сваю чаргу кіраўніцтва завода сцвярджае: вытворчасць бяспечная. У аснове перадавы вопыт краін Заходняй Еўропы і ЗША, дзе аналагічныя заводы размешчаныя нават у цэнтры гарадоў. Паводле санітарных нормаў Міністэрства аховы здароўя Беларусі, ахоўная зона аналагічнага прадпрыемства не павінна перавышаць 500 метраў. Найбліжэйшы населены пункт - вёска Хабы - знаходзіцца за 750. Каб пабудаваць такі завод, сцвярджае яго ўладальнік, неабходна прайсці жорсткі кантроль. У Беларусі гэтыя нормы значна вышэйшыя, чым у Еўропе, куды ў тым ліку збіраюцца экспартаваць прадукцыю.

Віктар Лемяшэўскі, заснавальнік першай акумулятарнай кампаніі, уладальнік завода: "Для таго каб прадаваць у Еўропе акумулятарныя батарэі, мы павінны быць сертыфікаваныя. У тым ліку па экалагічных параметрах. Гэта абсалютна бяспечная вытворчасць. Мы імкнемся выкарыстоўваць больш абсталявання рабатызаванага і абсталявання са штучным інтэлектам, якое прадухіляе любыя магчымыя аварыйныя сітуацыі".

Ацэнку ўздзеяння завода на навакольнае асяроддзе правяла арганізацыя "Экалогія-Сэрвіс". Дазвол пасля аналізу праекта выдаў і Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў. Спецыялісты запэўніваюць: на заводзе прадугледжана сур'ёзная сістэма ачысткі вады і паветра. Ужо ў першым пускавым комплексе будуць узведзены ўласныя ачышчальныя збудаванні. Выкіды свінцу па разліках не перавысяць 3 кг за год. Для параўнання: лакаматыўнае дэпо горада дае 19 кг.

У кожнага з бакоў свае аб'ектыўныя аргументы. Каб запоўніць інфармацыйны вакуум, для журналістаў улады Брэста арганізавалі прэс-канферэнцыю. Сустрэча з занепакоенымі жыхарамі таксама запланавана.