Вялікая профільная энергетычная нарада прайшла ў Астраўцы

11 апреля 2015

Канцэпцыя новага закона аб электраэнергетыцы, развіццё інфраструктуры горада атамшчыкаў і перспектывы экспарту. Вялікая профільная энергетычная нарада прайшла ў Астраўцы. Прадстаўнікі Міністэрства энергетыкі, дэпутаты і тыя, хто ўжо працуюць на пляцоўцы Беларускай АЭС, наведалі саму будоўлю і новыя мікрараёны горада, а яшчэ азнаёміліся з сістэмамі бяспекі станцыі.

 

Разам з імі на экскурсіі пабывала і Ксенія Рабчынская. Як зменіцца беларускі энергетычны комплекс з уводам АЭС, напярэдадні абмяркоўвалі прама на самой значнай будоўлі краіны. Тут - дэпутаты, прадстаўнікі профільнага міністэрства і тыя, хто ўжо працуе на пляцоўцы. Але спачатку не лічбы, а ўражанні. Кіраўнік райвыканкама расказвае, як ужо змянілася жыццё горада і якім Астравец стане зусім хутка.

 

Згодна з прагнозамі, пасля таго як станцыю запусцяць, Астравец будзе налічваць ужо 25 тысяч жыхароў. І гэта супраць 8 тысяч яшчэ некалькі гадоў  таму. Запатрабаванні ў інфраструктуры яшчэ нядаўна маленькага горада тут таксама абмяркоўвалі. І адзначылі: многае ўжо зроблена.

 

Сёння на галоўнай будаўнічай пляцоўцы краіны працуе без малога 4 тысячы чалавек, яшчэ 2 тысячы па планах прыедуць сюды да канца года. Кожнага будаўніка ўжо забяспечылі жыллём. Для гэтага ў Астраўцы пабудавалі адразу  два новыя мікрараёны, прычым тут выраслі не толькі  дамы, але ўжо запрацавалі  школа і дзіцячы сад.

 

На самой жа будаўнічай пляцоўцы экскурсію праводзяць генеральны дырэктар і галоўны інжынер. Будаўніцтва дакладна па планах, да канца года завершаць вежу градзірні, а энергаблок нумар адзін стане ў два разы вышэйшым.

 

Работа праводзіцца не толькі на самой будпляцоўцы, але і далёка за яе межамі. На вялікай профільнай нарадзе абмеркавалі і неабходнасць змянення  некаторых палажэнняў у законах і нават распрацоўку асобнага дакумента - закона аб электраэнергетыцы.

 

За круглым сталом абмеркавалі і перспектывы. Ужо сёння можна гаварыць  пра  поўную адмову ад імпарту электраэнергіі пасля запуску АЭС. У профільным ведамстве ўпэўненыя: зможам і значна нарасціць аб'ёмы экспарту, тым больш што зацікаўленасць з  боку суседзяў ёсць.

 

А не атрымацца проста не можа, асабліва пасля маштабнай мадэрнізацыі беларускай энергасістэмы ў цэлым. АЭС, зразумела, зойме ключавое месца ў эканоміцы Беларусі - адносна танная, а галоўнае - экалагічна чыстая электраэнергія. З прынцыпамі працы будучай электрастанцыі і, вядома, з сістэмамі бяспекі ўдзельнікі пасяджэння таксама азнаёміліся. А разам з імі і яшчэ 8 тысяч чалавек - менавіта столькі гасцей, у тым ліку і з-за мяжы за шэсць гадоў працы ўжо пабывалі ў інфармацыйным цэнтры Беларускай АЭС у Астраўцы. І гэта  без уліку шматлікіх дэлегацый міжнародных экспертаў і спецыялістаў, у тым ліку і з МАГАТЭ.