Больш за 70 тысяч пар валёнак плануе сёлета выпусціць фабрыка ў Смілавічах

3 января 2019

Не змерзнуць нават у мінус 40 дапамогуць валёнкі. Валюшна-лямцавая фабрыка ў Смілавічах сёлета плануе выпусціць больш за 70 тысяч пар цёплага і натуральнага абутку. У марозныя дні 15 пар валёнак прадаюцца літаральна за дзесяць хвілін. Сёлета майстры асвоілі выпуск берцаў і хатняга абутку. Як вырабляюць сімвал марознай зімы і ўтульнасці - у матэрыяле Наталлі Кезік.

Алёна Валчок усе этапы стварэння шарсцянога абутку ведае дакладна. На Смілавіцкай фабрыцы жанчына працуе амаль трыццаць гадоў, таму адразу можа зразумець, колькі сыравіны неабходна на адзін валёнак і дзе па тэхналогіі слой павінен быць больш шчыльным.

На пару жаночых валёнкаў неабходна паўтара-два кілаграмы матэрыялу. Каб ператварыць воўну ў абутак, які мы бачым на паліцах, неабходна ажыццявіць 36 аперацый - ачыстку, вычэсванне, валенне. І ўсе яны пераважна ручной працы. Напрыклад, Ілья Пасканны штодзень насаджвае мінімум 300 пар альбо 600 валёнкаў.

Штодня на прадпрыемстве, дзе працуюць 80 чалавек, ствараюць 300-400 пар валёнкаў. У асартыменце звыш 30 відаў абутку з ручной аддзелкай. Прыкладна трэцюю частку валёнкаў адпраўляюць на экспарт.

Восем гадоў таму на прадпрыемстве асвоілі выпуск коўдраў і падушак. І сёння вырабы Смілавіцкай фабрыкі самыя запатрабаваныя ў пакупнікоў.

Сёлета на прадпрыемстве таксама асвоілі вытворчасць хатняга абутку ў дзіцячым і дарослым асартыменце. А ў планах жа ў гэтым сезоне зваліць 70 тысяч пар валёнкаў. Попыт на абутак са Смілавіч ёсць - зімой беларускія валёнкі абуваюць не толькі ў Беларусі, а і ў Расіі, Фінляндыі, Нарвегіі і Канадзе.