Больш за 400 тон рыбы паставяць сёлета краіне і на экспарт фарэлевыя гаспадаркі Магілёўскай вобласці

19 октября 2019
І гэта толькі пачатак. Бо плануецца будаўніцтва яшчэ трох ферм магутнасцю тысяча тон за год кожная. Андрэй Ястрабаў - больш падрабязна. 

Вось яна - калыска рыбнай галіны краіны - ферма ў Горках. Мільёны малькоў. Якім спатрэбіцца 35 дзён, каб набраць вагу ўсяго паўграма. І толькі потым  іх адправяць у вялікае плаванне - велізарныя 20-тонныя басейны. Нібыта ў дзіцячы садок. Такіх на ферме з паўсотню. Раз у месяц сартаванне, хто дрэнна харчуецца - у асобныя групы. 

Ад ікрынкі да пасадачнага матэрыялу павінна прайсці не менш за паўгода. За гэты час радужная фарэль набярэ вагу - у сярэднім да 50 грамаў. А потым адправіцца па рыбных гаспадарках краіны. 

Вось так выглядаюць заводы па вытворчасці каштоўнага для здароўя беларусаў прадукту - рыбы. Менавіта сюды і трапляе маладняк фарэлі. Тут яму раздолле. Касякамі ходзяць па велізарных басейнах - расказвае галоўны рыбавод фермы Васіль Ткачоў. Умовы - нібыта ў санаторыі. 

А яшчэ  кіслародныя кактэйлі, які замешваюць спецыяльныя машыны. За год фарэль дасягае,   паводле слоў  тэхнолагаў,  таварнай вагі. Максімальна - кіло трыста. 

Амаль паўтары тоны ікры летась прадалі ў  "Лахве". Увогуле ж  да 7 тон рыбы тут перапрацоўваюць за змену. Да таго ж  замежныя далікатэсы, напрыклад, палтус. Акцэнт - на гатовай прадукцыі - не выпадковы. 

400 тон фарэлі атрымаюць сёлета ў "Лахве". І гэта не мяжа. Тут распрацоўваюць новы бізнес-план  па будаўніцтве новых ферм. Падобныя ёсць у Даніі, Нарвегіі. Магутнасцю да тысячы тон кожная. Сярод пляцовак - Быхаў, а таксама  Горкі і Касцюковічы,  дзе яшчэ і свая перапрацоўка з’явіцца. А гэта – пашырэнне асартыменту.