Больш за 20 праектаў дакументаў плануюць разгледзець на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД

28 октября 2016

Літаральна праз дзве гадзіны ў Мінску пачнецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД. Кіраўнікі дэлегацый дзяржаў збяруцца ў вузкім і пашыраным складзе. Наша здымачная група ўжо працуе на будучай пляцоўцы для перамоў. Уся апошняя інфармацыя ў карэспандэнта Дзмітрыя Цітова (прамое ўключэнне).

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў адбудзецца ў Авальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі. Плануецца разгледзець больш за 20 праектаў дакументаў. Практычна кожны другі з іх скіраваны на паглыбленне і пашырэнне ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы.

Старшынствуе сёлета ў СНД Кіргізія. Пунктам нумар адзін на парадку дня стаіць пытанне аб ходзе рэалізацыі дагавора аб зоне свабоднага гандлю паміж краінамі саюза. Ён быў заключаны яшчэ ў 2011 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Не выключаюць і магчымасці падпісання дадатковых пагадненняў, якія будуць спрыяць паглыбленню супрацоўніцтва. Напрыклад, аб гандлі паслугамі. Таксама прапрацоўваецца пытанне аб больш актыўным выкарыстанні нацыянальных валют для ўзаемаразлікаў на прасторах СНД. На парадку дня і гуманітарнае супрацоўніцтва, сфера бяспекі.

Старшыня Выканаўчага камітэта СНД Сяргей Лебедзеў напярэдадні пасяджэння даў інтэрв'ю нашаму каналу. Ён звярнуў увагу на працу галіновых саветаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Сяргей Лебедзеў, старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД: "Мы падпісалі, напрыклад, пагадненне аб асноўных кірунках супрацоўніцтва ў транспартнай сферы да 2020 года. У нас ёсць стратэгія эканамічнага развіцця СНД. Усе гэтыя дакументы працуюць. Вельмі добра працуюць галіновыя саветы. Напрыклад, нашых чыгуначнікаў, якія збіраюцца рэгулярна. Акрамя таго, у гэтым савеце ўдзельнічаюць не толькі краіны СНД, але найбліжэйшыя нашы суседзі. Гэта краіны Балтыі".

Прэс-канферэнцыя па выніках Савета кіраўнікоў урадаў СНД пачнецца ў гадзіну дня. Падрабязнасці перамоў мы ўжо будзем ведаць да выпуску навін у 12:00.