Больш за 150 бязвыплатных субсідый на развіццё сваёй справы выдалі ў Мінску за 2018 год

17 января 2019

Цэнтры занятасці па ўсёй краіне прапаноўваюць бязвыплатныя субсідыі на развіццё сваёй справы. Толькі ў сталіцы за мінулы год іх выдалі больш як 150. Каб прэтэндаваць на атрыманне фінансавай дапамогі, трэба быць зарэгістраваным у якасці беспрацоўнага. Адзінаццаць бюджэтаў пражытачнага мінімуму выдадуць, калі не атрымалася працаўладкавацца на працягу месяца. За гэтую суму можна купіць абсталяванне, аплаціць арэнду памяшкання або распрацоўку сайта. Абавязковая ўмова для атрымання субсідыі - наяўнасць бізнес-плана.

Карына Маркелава, галоўны спецыяліст упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама: "Мы дапамагаем, у нас ёсць узоры бізнес-планаў. У нас ёсць курсы. Чалавек можа скончыць курсы прадпрымальніцкай дзейнасці. Пасля ён прыходзіць з гатовым бізнес-планам і піша заяву. Гэта не страшна. Галоўнае - зарэгістравацца ў якасці прадпрымальніка і адчытацца, што грошы выдаткаваныя на тое, на што яны былі вылучаныя".

Таксама можна адкрыць прыватнае ўнітарнае прадпрыемства або зарэгістравацца ў якасці рамесніка. Камерцыйную дзейнасць трэба весці як мінімум на працягу года.