Дзякуючы інвестыцыям у Шчучынскім раёне стварылі прадпрыемства па вырошчванні клубніцы

4 сентября 2019

Асаблівым попытам карыстаецца і беларуская клубніка. Дзякуючы інвестыцыям  у Шчучынскім раёне ўдалося стварыць унікальнае прадпрыемства па вырошчванні гэтай ягады. Яе высаджваюць як у адкрытым грунце, так і ў цяпліцах. Ураджай збіраюць амаль круглы год. Тут жа вырошчваюць і ўласную расаду. Усе перавагі ягаднага бізнесу  ў рэпартажы Юрыя Карняловіча.

У Шчучынскім раёне вырошчваюць клубніцы практычна круглы год. Здавалася б, верасень для клубніц не сезон, але ў Шчучынскім раёне збіраюць чарговы ўраджай. У цяпліцах прыватнага прадпрыемства ягада спее практычна кожны тыдзень. Увесь сакрэт у тэхналогіі. Расліны тут знаходзяцца над зямлёй, кожнае атрымлівае сваю порцыю вільгаці і вітамінаў.

Ураджай збіраюць уручную. Праца, вядома, не з лёгкіх і патрабуе пэўных навыкаў. Клубніцы, як і любы прадукт, мае свой таварны выгляд. Ягада павінна быць вызначанага памеру і колеру. Наталля Коўка ва ўсіх тонкасцях збору клубнічнага ўраджаю разабралася хутка. На прадпрыемстве працуе другі год і ўжо ставіць асабістыя рэкорды. За змену звыш 100 кілаграмаў.

Ягаду тут вырошчваюць па замкнёным цыкле. Акрамя цяпліц, ёсць яшчэ і свае плантацыі з расадай, якая таксама рэалізуецца спажыўцу. Атрымліваецца двайная выгада.
Вырошчванне клубніц у Беларусі - справа прыбытковая. Галоўнае строга выконваць тэхналогію. 
Напрыклад, вось у гэтай цяпліцы плошчай адзін гектар за сезон збіраюць да 50 тон таварнай ягады 
Шчучынскае прадпрыемства экспартна арыентаванае. Яно пабудавана за кошт прамых замежных інвестыцый, а рынак збыту ўся Расія. Сёлета ўжо адгрузілі прадукцыі на дзясяткі тысяч долараў. І сезон яшчэ не завяршыўся.
Каб быць канкурэнтаздольнымі, тут працягваюць інвеставаць у вытворчасць. Нядаўна адкрылі новы цэх з халадзільнымі камерамі. Зараз і расаду, і ягаду можна якасна падрыхтаваць да працяглай транспарціроўкі. А гэта новыя рынкі збыту.
Ягадны бізнес прыносіць не толькі прыбытак яго ўладальнікам, але і новыя рабочыя месцы для раёна. 
Сёння на прадпрыемстве працуюць каля 100 чалавек. А ў сезон збору і сарціроўкі расады дадаткова набіраюць яшчэ 50. У найбліжэйшы час спатрэбіцца яшчэ столькі ж. У планах значна пашырыць плошчы пад вырошчванне клубніц.