Бізнесменаў з 20 краін свету сабраў Міжнародны эканамічны форум

12 мая 2016

Бізнесменаў з 20 краін свету сабраў у паўночным рэгіёне Міжнародны эканамічны форум "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы". Ён праходзіць пяты год запар і ўжо стаў прыкметнай з'явай у дзелавым жыцці рэгіёна. Сёлета пляцоўкай для яго правядзення сталі адразу два гарады - Віцебск і Орша. А акцэнт зроблены на тых сферах, у развіцці якіх зацікаўлены Віцебскі рэгіён. Гэта лёгкая і харчовая прамысловасць, дрэваапрацоўка, машынабудаванне, энергетыка.

Вольга Маслоўская ведае, наколькі дзейсным стаў першы дзень Міжнароднага эканамічнага форуму.

Шэсць рэгіёнаў Расіі, Германія, Аўстрыя, Фінляндыя, Балгарыя, Эстонія, Польшча. Бізнесмены з 20 краін свету сёння ў Віцебску. Форум прадоўжыцца два дні. Праграма вельмі насычаная. Таму, не паспеўшы сысці з дывановай дарожкі, замежныя госці адразу заняліся справай.

І ўжо першыя гадзіны працы форуму завяршыліся падпісаннем 4-х пагадненняў аб супрацоўніцтве.

Уладзімір Ганчароў, кіраўнік адміністрацыі Растоўскага муніцыпальнага раёна Яраслаўскай вобласці Расіі:

"У Віцебскім раёне існуюць вытворцы ветпрэпаратаў. У нас у сваю чаргу ў Яраслаўскай вобласці інтэнсіўна развіваецца жывёлагадоўля. Натуральна, ветпрэпараты запатрабаваныя. І мы знойдзем пункты судакранання, каб цана была канкурэнтаздольнай, а за якасць хваляванняў няма".

Ацаніць не толькі беларускую якасць, але і экспартны патэнцыял паўночнага рэгіёна бізнесмены маглі на выставе. Больш за сотню прадпрыемстваў - ад малых прыватных да валаўтваральных прамысловых гігантаў - прадэманстравалі сваю прадукцыю. Асаблівая ўвага - патэнцыяльным інвестарам. Для разгляду ім прапанаваны зямельныя ўчасткі, нявыкарыстаныя вытворчыя памяшканні, пляцоўкі для новага будаўніцтва. У рэгіёне ёсць добрая сыравінная база і кваліфікаваныя кадры.

Ёзэф Мігаш, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Беларусі:

"Высокая культура зносін, адукацыйны ўзровень, прыстойнасць - гэта такія істотныя складальнікі, якія заўсёды вызначаюць, ці будзе нешта пазітыўна рэалізавана і на якім узроўні. Ёсць у нас зацікаўленыя суб'екты, каб інвеставаць тут, і інвестыцыі, каб былі інавацыйнага характару".

З канкрэтнымі прапановамі прыехалі бізнесмены Польшчы. Яны гатовыя інвеставаць у будаўніцтва гасцінічнага комплексу ў Віцебску. Энергетыкі Чэхіі прапануюць укараніць сучасныя тэхналогіі па перапрацоўцы бытавых адходаў і выпрацоўцы з іх розных відаў энергіі.

Прадстаўнікі дзелавых колаў прадоўжаць працу заўтра. Адкрыецца яшчэ адна пляцоўка форуму - Орша. Улічваючы зручнае геаграфічнае становішча, гэты рэгіён цікавы лагістам. Магчымасці горада вывучаць на месцы.