Сёлетні год абяцае запомніцца як адзін з самых насычаных па колькасці ініцыятыў і заканадаўчых актаў, накіраваных на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу. Бадай, упершыню прадпрымальнікі і ўлада гатовы былі працаваць так зладжана і сінхронна. Пераважная большасць дакументаў, што паступалі на стол Кіраўніку дзяржавы за апошнія тыдні, датычылася тэмы развіцця прадпрымальніцтва. А для ўсіх, хто адказвае за малы і сярэдні бізнес ва ўрадзе, рабочы кабінет Прэзідэнта стаў своеасаблівым штабам, дзе абмяркоўваюць перспектывы развіцця беларускага бізнесу.
Яшчэ на старце гэтай работы і прадпрымальнікі, і ўлада абазначылі агульную мэту - рост эканомікі і дабрабыту беларусаў. Таму сумесная работа і выйшла прадукцыйнай. Большасць ініцыятыў Прэзідэнт падтрымаў, яны пачнуць рэалізоўвацца ўжо сёлета. І распрацоўшчыкі ліберальных дакументаў, і тыя, хто заўтра будзе прымяняць іх на практыцы, адзіныя ў ацэнках: указы і дэкрэт рэвалюцыйныя. Галоўны вынік - прапанаваны рашэнні ў самых актуальных і праблемных для прадпрымальнікаў сферах.
Дзяржаўны кантроль і нагляд, падатковая нагрузка, адміністрацыйны націск на бізнес - усяго гэтага стане менш, а свабоды больш. Але наўзамен ад бізнесу запатрабуецца і большая адказнасць.
Самі прадпрымальнікі запэўніваюць: адказнасці бізнес не баіцца і чакае змяненняў. Шмат задумак, чаканняў. Пра іх, дарэчы, гаварылі і падчас Беларускага інвестыцыйнага форуму, што прайшлоў у Мінску. Традыцыйна шмат удзельнікаў з розных краін. У цэнтры абмеркавання - стратэгіі прыцягнення замежных інвестыцый. Пляцоўка Белінвестфоруму стала першай сёлета, дзе бізнес, чыноўнікі і эксперты атрымалі магчымасць абмеркаваць самыя апошнія змяненні ў частцы лібералізацыі дзелавога асяроддзя ў краіне. Меркаванні ўдзельнікаў - у нашым апытанні.
Разняволенне дзелавой ініцыятывы і лібералізацыя ўмоў для вядзення бізнесу - лепшы індыкатар для інвестара, што ідзе ў Беларусь. Але якія пытанні яшчэ трэба вырашыць?
Сумесныя рашэнні бізнесу і ўлады. Стварыць асяроддзе і механізмы, здольныя перазапусціць развіццё прыватнага сектара, а прадпрымальнікаў зрабіць апорай эканомікі. Ці атрымаецца? Пра гэта гаворым з нашымі гасцямі. Гэта сустаршыня саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" Віктар Маргелаў і дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц (відэа).













