БДУ і Банк развіцця будуць сумесна рыхтаваць навукоўцаў і эканамістаў

6 июня 2014

Сёння вядучая ВНУ краіны і фінансавая ўстанова падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Сумесная праца пачнецца з двух праектаў. На базе Банка развіцця створаць кафедру карпаратыўных фінансаў эканамічнага факультэта БДУ. А ва ўніверсітэце адкрыюць моладзевую лабараторыю, дзе будуць выконваць навуковыя працы для банка. Усе даследаванні і праекты адразу жа ўкарэняць у вытворчасць і навучальны працэс. Гэта павінна прывесці да павышэння кваліфікацыі студэнтаў, а значыць - у эканоміку краіны прыйдуць прафесійныя кадры.


Сяргей Румас, старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі: Мы выбралі дзве сферы, якія сёння найболей актуальныя для Беларусі, таму што значная частка нашага крэдытнага партфеля ўкладзеная ў гэтыя галіны, і нам не абыякава, якая будучыня будзе ў гэтых галін. Таму ў першую чаргу будзе прафінансаваная праграма па сельскай гаспадарцы, па распрацоўцы канцэпцыі сельскай гаспадаркі да 2030 года. І другая праца - гэта праграма развіцця транспартнай галіны.


Сяргей Абламейка, рэктар БДУ, акадэмік: Лабараторыя і філіял кафедры будуць звязваць БДУ і Банк развіцця вось такім мастком. Навукоўцы будуць працаваць над шэрагам праектаў. Спачатку ў гэтых дзвюх галінах, далей - больш. Банк развіцця вылучыць грошы на зарплаты студэнтам і маладым навукоўцам, якія будуць займацца даследаваннямі і распрацоўкай канцэпцыі і іншымі задачамі, якія будзе перад імі ставіць Банк развіцця.


На распрацоўку гэтых двух праектаў Банк развіцця вылучыў 250 мільёнаў беларускіх рублёў. Самых таленавітых студэнтаў лабараторыі чакае праца ў Банку развіцця.