Бяспека ў сферы атамнай энергетыкі

15 октября 2014

Аб бяспецы ў сферы атамнай энергетыкі гавораць гэтымі днямі эксперты ў Астраўцы. Гавораць і ацэньваюць. У Беларусі ёсць усе неабходныя ўмовы для стварэння бяспечнай і надзейнай ядзернай энергетычнай праграмы. Аб гэтым сёння ў інтэрв'ю нашаму тэлеканалу заявіў прадстаўнік місіі МАГАТЭ. У горадзе атамшчыкаў праходзіць семінар экспертаў Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі - тут абменьваюцца вопытам і абмяркоўваюць асноўныя этапы працы з персаналам падчас будаўніцтва. Форум атамшчыкаў прадоўжыцца 4 дні. Тым часам на самой будпляцоўцы працягваюць узводзіць абодва энергаблокі - усё строга ў адпаведнасці з графікам, упэўнілася сёння Ксенія Рабчынская.



Навучанне персаналу атамнай электрастанцыі, і што неабходна зрабіць, перш чым запусціць АЭС. Аб мірным атаме ў Астраўцы сёння гавораць на міжнародным узроўні. Побач з пляцоўкай беларускай станцыі праходзіць семінар місіі МАГАТЭ - спецыялісты з агенцтва па атамнай энергіі прыехалі, каб падзяліцца вопытам з беларускімі калегамі.


Анатоль Бондар, галоўны інжынер РУП Беларуская АЭС: Мы будзем і генеруючай арганізацыяй, і эксплуатуючай, таму вельмі добра падышоў вопыт Венгрыі і Чэхіі.


На семінары абмяркоўваюць не толькі стварэнне кіруючай арганізацыі, але і забеспячэнне будучай станцыі кадрамі, узаемадзеянне з дзяржорганамі і падрыхтоўку да пуску. Заўтра ў праграме канферэнцыі - наведванне самой будпляцоўкі. Тут працягваецца асноўны этап будаўнічых прац, на першым энергаблоку падняліся на адзнаку плюс 9. Да канца года ў адпаведнасці з генпланам будынак энергаблока да гэтай адзнакі забетануюць.


У гэты ж час працягваюцца і будаўнічыя працы ўнутры кантайнмента - гэта значыць герметычнай абалонкі першага энергаблока. Тут умацоўваюць сцены і падрыхтоўваюць непасрэдна будынак рэактара. Дарэчы, кантайнмент здольны вытрымаць вельмі вялікія нагрузкі, ён складаецца з бетону і каркаснай арматуры, і таўшчыня гэтых сценаў 120 см.


Зразумела, што такія сцены неабходныя для гарантавання бяспекі станцыі - аб гэтым таксама гавораць на форуме з МАГАТЭ. А яшчэ ў канцы кожнага працоўнага дня канферэнцыі - а іх запланавана чатыры - спецыялісты падводзяць вынікі і фарміруюць рэкамендацыі для беларускай станцыі. Такія семінары, у першую чаргу, гэта наладжванне кантактаў сярод атамшчыкаў і, вядома, яшчэ адна магчымасць даказаць: нам утойваць няма чаго.


Юрый Трошчанка, прадстаўнік місіі МАГАТЭ: У Рэспубліцы Беларусь ёсць усе неабходныя ўмовы для стварэння бяспечнай, надзейнай, эканамічнай і ўстойлівай ядзернай энергетычнай праграмы. Акрамя таго, на БАЭС ужо сфарміраваны касцяк дасведчаных кіраўнікоў, спецыялістаў.


Прычым, кіраўнікі беларускай станцыі ўдзельнічалі ў пуску некалькіх ядзерных аб'ектаў у Расіі і Еўропе - гэта значыць вопыт маецца, але гутарка за круглым сталом лішняй проста не бывае.


Сёння аб энергіі і аб тым, як павысіць энергаэфектыўнасць гавораць і ў Мінску - у сталіцы працягваецца Беларускі энергетычны форум. На выставе прапанавана больш за 320 прадпрыемстваў з 15 краін свету, але адным з найважнейшых беларускіх стэндаў, зразумела, стаў стэнд Беларускай АЭС - да нашага праекта прыкавана ўвага і далёка за межамі краіны.


Уладзімір Патупчык, Міністр энергетыкі Беларусі: Мы адкрыта дэманструем усё, што робіцца ў рамках гэтага найважнейшага інвестыцыйнага праекта. Мы гатовыя супрацоўнічаць з усімі інстытутамі, якія так або інакш выяўляюць цікавасць да нашага праекта.


І ўжо супрацоўнічаем - не так даўно ў Астраўцы праходзіў і семінар Сусветнай арганізацыі аператараў атамных станцыі. Эксперты таксама высока ацанілі галоўную будоўлю краіны і ў цэлым гатоўнасць Беларусі да пуску АЭС. Ніякіх пытанняў да нашых спецыялістаў і да праекта не ўзнікае. Можа, менавіта таму, што ўсе адказы ўжо даўно апублікаваныя ў адкрытым доступе і дадзеныя асабіста, бо адным з галоўных фактараў рэалізацыі беларускага праекта з першых дзён стала адкрытасць - без дыялогу на міжнародным узроўні будаваць атамную станцыю было б проста немагчыма.