Беларуска-германскія адносіны чакае новы этап развіцця

2 марта 2016

Аб гэтым заявіў сёння Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар падчас сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам. Бакі абмеркавалі пытанні міжпарламенцкага, гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Дарэчы, сёння ў Беларусі налічваецца больш як 360 прадпрыемстваў з германскімі інвестыцыямі. Толькі летась знешнегандлёвы тавараабарот паміж краінамі склаў каля двух з паловай мільярдаў долараў.

Петэр Дэтмар, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі: "Сёння Беларусь і Германія знаходзяцца на новым этапе развіцця двухбаковых адносін. Зразумела, пачынаем мы не з нуля. Бо супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі развіваецца на працягу 20 гадоў, як у галіне культуры, так і эканомікі. І гэта выдатная аснова для далейшых пунктаў росту, асабліва гэта датычыцца нарошчвання эканамічнага патэнцыялу паміж Германіяй і Беларуссю. Формы пры гэтым могуць быць абсалютна розныя, напрыклад, па лініі Еўрапейскага саюза. І Германія ў гэтым кантэксце таксама будзе ўносіць свае прапановы".

На думку старшыні Палаты прадстаўнікоў, неабходна таксама нарошчваць узаемадзеянне ў галіне высокіх тэхналогій, энергетыкі, наладжваць гуманітарнае супрацоўніцтва і развіваць адносіны паміж гарадамі-пабрацімамі. Сёння пабрацімскія адносіны злучаюць 20 гарадоў. Сёлета ў Нясвіжы запланавана сустрэча іх прадстаўнікоў.