Беларускі прамысловы форум стартуе сёння ў Мінску

20 мая 2014

Цэнтральнай падзеяй абяцае стаць выстава Белпрамэнерга. На ёй вядучыя беларускія і сусветныя вытворцы прапануюць свае рашэнні для мадэрнізацыі галін беларускай прамысловасці.


Падрабязнасці ў Веранікі Рымашэўскай. Афіцыйнае адкрыццё Беларускага прамысловага форуму пройдзе сёння ў футбольным манежы ў 15 гадзін, але выстава Белпрамэнерга будзе працаваць з 10. 187 удзельнікаў з Італіі, Бельгіі, Карэі, Расіі, Украіны і, вядома, Беларусі прапануюць свае лепшыя дасягненні ў галіне прамысловасці.


На выставе будуць прапанаваныя рэсурсазберагальныя тэхналогіі, за кошт якіх у Беларусі ўжо ўдалося паменшыць энергаёмістасць ВУП. І, як падкрэсліваюць арганізатары форуму, рэзервы энергарэсурсаў на беларускіх вытворчасцях застаюцца каласальнымі. І выстава Белпрамэнерга сабрала ўсё самае перадавое для стварэння канкурэнтнай вытворчасці. Праграма форуму вельмі насычаная. Абмеркаваць убачанае на выставе, падзяліцца вопытам укаранення ва ўдзельнікаў будзе магчымасць падчас пленарнага пасяджэння. Прычым, сёлета на ім чакаецца яшчэ больш замежных гасцей.


Вячаслаў Пятліцкі, кіраўнік праекта Беларускі прамысловы форум: Замежныя прадстаўнікі Аўстрыйскага аналітычнага таварыства, прадстаўнікі кітайскіх прадпрыемстваў і арганізацый, якія супрацоўнічаюць з Беларуссю. Швейцарская фірма Штадлер, яе кіраўніцтва будзе выступаць на пленарным пасяджэнні, каб паказаць, як развіваюцца адносіны паміж Швейцарыяй і Рэспублікай Беларусь.


Падчас форуму пройдуць і тэматычныя конкурсы. У адным з якіх 200 лепшых беларускіх зваршчыкаў прадэманструюць найноўшае абсталяванне і тэхналогіі зваркі і рэзкі.


Прамысловы форум завершыцца 23 мая. Летась на базе экспазіцыі Міністэрства прамысловасці было праведзена больш за тысячу дзелавых сустрэч, і таксама былі падпісаныя дагаворы на агульную суму 440 млрд беларускіх рублёў. Прыцягнуць не меншыя сумы інвестыцый і наладзіць выгаднае супрацоўніцтва ўдзельнікі форуму плануюць і сёлета.