БМЗ выпусціць валютныя аблігацыі на 240,5 мільёна долараў

9 ноября 2015

Беларускі металургічны завод выпусціць валютныя аблігацыі на 240,5 мільёна долараў. Гэта прадугледжвае праект указа, які сёння прадставілі Прэзідэнту. Працэнтны прыбытак па аблігацыях складзе да 8,5 % гадавых, яны будуць выпушчаны тэрмінам на 5 гадоў. Фактычна гаворка ідзе пра адтэрміноўку часткі выплат па крэдытах БМЗ шляхам выпуску заводам аблігацый і размяшчэння іх у дзяржаўных банках. Такім чынам, на найбліжэйшыя гады прадпрыемства зможа вызваліць абаротныя сродкі і накіраваць іх на развіццё і атрыманне дадатковага прыбытку, а пазней ажыццявіць выкуп аблігацый.

Анатоль Савянок, гендырэктар Беларускага металургічнага завода: "Сітуацыя на знешніх рынках застаецца складанай. Тэмпы росту экспарту не спыніліся, у натуральным выражэнні гэты паказчык на БМЗ складае 111,3 % за студзень-кастрычнік 2015 года да аналагічнага перыяду 2014-га. У той жа час БМЗ удалося захаваць пазіцыі на рынках, у тым ліку Блізкага Усходу, Афрыкі. Прадпрыемства працягвае нарошчваць пастаўкі ў краіны Еўропы, ёсць дадатковыя напрацоўкі ў гэтым кірунку па ЗША".

Упершыню размова пра такую фінансавую падтрымку металургічнага завода зайшла ў канцы верасня падчас наведвання прадпрыемства Кіраўніком дзяржавы. Тады Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг умоў. Першае, каб працэнты па аблігацыях, што размяшчаюцца, былі прадугледжаны на мінімальна магчымым узроўні. Яшчэ адна ўмова тычыцца скарачэння выдаткаў на вытворчасць і істотнага зніжэння сабекошту прадукцыі. Сёння Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адобрыў праект указа. Чакаецца, што ў найбліжэйшы час дакумент будзе падпісаны.