Беларускі металургічны завод атрымаў крэдыт

18 июля 2013

Беларускі металургічны завод атрымаў крэдыт ад двух банкаў на агульную суму амаль 284 мільёны еўра


Пазыку практычна ў роўных долях далі Еўразійскі банк развіцця і Беларусбанк. Сродкі будуць накіраваныя на фінансаванне будаўніцтва комплексу і мясцовыя расходы, а таксама на набыццё асноўнага тэхналагічнага абсталявання. Асноўны праект мадэрнізацыі флагмана беларускай металургіі прадугледжвае будаўніцтва пракатнага стана і ўзвядзенне новага цэха па вытворчасці дробнасортнага пракату, што дазволіць вырабляць прадукцыю з больш высокім дабаўленым коштам для рэалізацыі на сусветным рынку.


Анатоль Савянок, генеральны дырэктар Беларускага металургічнага завода: Бізнес-план, які мы складалі, ацэнка рынку заходняй кампаніяй, якая ацэньвала перспектывы для БМЗ, рэалізацыя гэтага праекта пераправяраліся экспертамі і арганізацыяй, нанятай Еўразійскім банкам. І, увогуле, з усіх бакоў пацвердзілася гарантыя вяртання крэдытных сродкаў і акупляльнасці праекта.


Гэты праект ужо атрымаў гарантыі ўрада. Паводле ацэнак банкаў, БМЗ даказаў плацёжаздольнасць праекта, і таму па ім даюцца дзяржаўныя гарантыі. Эканамічнай мэтазгоднасці дабаўляе і тое, што на прадпрыемстве будзе створана больш як 200 новых рабочых месцаў.