Беларускі бізнес настойвае на змяненнях у працэдуры правядзення тэндараў

27 сентября 2016

Сёння гэта абавязковая ўмова пры закупцы тавараў і паслуг. Галоўнай пагрозай  называюць  небяспечны дэмпінг. Стратныя цэны ў шэрагу сфер прымаюць пагрозлівыя маштабы. Асабліва цяжка гэта адлюстроўваецца на будаўнічай галіне.  Тэндары выйграе цана, але не якасць работ, кваліфікацыя супрацоўнікаў і адказнасць. Супрацьстаяць  такому дэмпінгу заканадаўства пакуль не можа.

Рэпартаж  Вольгі Анішчанкі.       

Пакуль перамогу на таргах прыносіць толькі нізкая цана, якасць работ амаль заўсёды будзе кульгаць, пераконвае кіраўнік Асацыяцыі ліфтавых арганізацый Валерый Карніенка. Шалёная эканомія  не аднойчы прыводзіла да сумных наступстваў.

Літаральна на мінулым тыдні падзенне ліфта скалынае ўсю Маскву. У Беларусі, дарэчы, трагічны выпадак пры мантажных работах адбываецца крыху раней.    

Сёння адкрыта нізкая цана работ становіцца адзіным сэнсам удзелу ў тэндары. І нікога не здзіўляе, калі  кампанія робіць суперскідкі адносна каштарысу, прапануючы выканаць заказ у 2, а то і ў 3 разы танней. Зрэшты, на чым эканоміць, зусім не сакрэт. Плаціць менш. Парушае тэхналогіі. Выкарыстоўвае шэрыя схемы: зарплаты ў канвертах, найманне без афармлення. Інакш працаваць па такіх расцэнках можна толькі стратна для сябе, пераконваюць удзельнікі. 

Ігар Лысаіваноў, дырэктар праектнага інстытута: "Часта таннейшая рабочая сіла гаворыць пра тое, што яна менш кваліфікаваная. Але я лічу, што заказчык мае права праводзіць перадкваліфікацыю, ён можа выставіць пэўныя крытэрыі. І гэтыя крытэрыі пройдуць толькі пэўныя арганізацыі, якія маюць адпаведны штат, вопыт, кваліфікацыю".

Дэмпінг - пагроза не толькі для ўдзельнікаў рынку. Не менш праблем несумленная цэнавая канкурэнцыя прыносіць эканоміцы. З рынку сыходзяць зусім не слабыя, наадварот, кваліфікаваныя і тэхнічна забяспечаныя гульцы. Бо працуючы на мяжы рэнтабельнасці, укладваць у развіццё ўжо няма чаго.    

Удзельнікі рынку сцвярджаюць: парадку не будзе, пакуль дэмпінгу  не вызначаць прававыя рамкі. Дагэтуль з закона дакладна не зразумела: дзе ж тая мяжа, якая робіць здаровы рыначны механізм барацьбы за кліента відавочным парушэннем. Бо нават запрашэнне Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю абскардзіць вынікі гандлю канкурэнты ўспрымаюць  скептычна:  гавораць, пакуль не зразумела прававое поле - абгрунтаваць такую скаргу амаль немагчыма.

Юрысты, зрэшты, прызнаюць: прававых прабелаў нямала. Але паставіць на месца несумленнага канкурэнта ўсё ж магчыма. 

Міхаіл Махнач, юрыст: "Як такога рэгулявання дэмпінгу ўсёабдымнага ў нас няма. Але скаргі трэба пісаць. Вельмі шмат парушэнняў адбываецца на этапах рэалізацыі праекта пасля правядзення тэндару. Адпаведна, падставы  для адмены тэндараў ёсць".

Спыняць такія факты будуць змяненнямі ў заканадаўстве, адзначаюць у міністэрстве. У распрацоўцы некалькі прапаноў. Напрыклад, прапісаць фіксаваную цану дагавора. Але ўдзельнікі гавораць, што гарантыі патрэбны яшчэ на этапе доступу да таргоў. Калі цана канкурэнта істотна адрываецца ад найбліжэйшай прапановы, гэта ўжо падстава для кантралёраў зацікавіцца прыродай скідкі.