Беларускія навукоўцы і інжынеры працягваюць працаваць з беларускім касмічным апаратам

11 ноября 2015

На сувязь са спадарожнікам выходзяць з невялікага пасёлка ў Лагойскім раёне. Там размешчаны адзіны ў краіне касмічны камандна-вымяральны пункт. Пакуль інжынеры працуюць са спадарожнікам, які ўжо больш за тры гады на арбіце, навукоўцы ствараюць новы касмічны апарат. Адкуль кіруюць сатэлітам і дзе ўбачыць фатаграфіі з космасу - раскажа Надзея Сербіненка.

Гарадскі пасёлак Плешчаніцы, што ў Лагойскім раёне, называюць касмічным. Тут знаходзіцца адзіны ў краіне камандна-вымяральны пункт беларускага наземнага комплексу кіравання. Чатырнаццаць чалавек у кругласутачным рэжыме кантралююць рух адзінага беларускага спадарожніка і прымаюць аператыўную інфармацыю з космасу.

І днём, і ноччу спецыялісты камандна-вымяральнага пункта выходзяць на прамую сувязь са спадарожнікам: перадаюць пэўны сігнал для выканання або атрымліваюць зваротную сувязь.

Уся атрыманая інфармацыя ў рэжыме анлайн перадаецца ў Мінск, у Цэнтр кіравання палётамі Акадэміі навук. Звесткі расшыфроўваюць і апрацоўваюць, затым пастаўляюць заказчыкам. У фотаздымках з космасу зацікаўленыя ратавальнікі, метэаролагі, аграномы, тапографы і вайскоўцы.

На гэтым маніторы адлюстроўваецца траса палёту беларускага касмічнага апарата. Інжынеры могуць убачыць, па якой арбіце рухаецца спадарожнік. Нядаўна ён праляцеў над Антарктыдай, а зараз накіроўваецца да Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі. Каб цалкам абагнуць Зямлю, спадарожніку спатрэбіцца ўсяго 95 хвілін.

Зараз у Акадэміі навук працуюць над стварэннем новага касмічнага апарата. Беларускія навукоўцы сумесна з Раскосмасам вызначаюць тэхнічныя дэталі, вонкавы выгляд і набор функцый, якімі будзе валодаць другі беларускі касмічны спадарожнік. Ён пакуль не мае назвы, але ўжо вядома, што апарат атрымае ўдасканаленую аптычную сістэму. Запусціць новы спадарожнік плануюць не пазней за 2017 год.