Беларускія стартапы ўдастоеныя высокай узнагароды ў ЗША

10 января 2019

Адразу два рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій атрымалі ўзнагароду на найбуйнейшай тэхналагічнай выставе ў Лас-Вегасе. "Узорам інавацый" прызнаны стартап Tesla-suit.

Кампанія прадэманстравала свету касцюм-платформу, у якую ўкаранёныя 6 розных сістэм: ад біяметрычнага і кліматычнага кантролю да захопу рухаў і тактыльнай зваротнай сувязі. Распрацоўка можа ўжывацца ў ахове здароўя і спорце, гульнях і забавах дапоўненай рэальнасці.

Яшчэ адзін прызёр – мабільны дадатак для жаночага здароўя - Flo. Сёння ў свеце ім актыўна карыстаюцца больш за 28 мільёнаў чалавек.

Адзначым, выстава лепшых тэхналагічных дасягненняў праходзіць у Лас-Вегасе штогод ужо на працягу больш як 20 гадоў.

Ганна Клепчукова, намеснік дырэктара па навуцы кампаніі Flo: "Гэтая ўзнагарода вельмі натхняе. Яна ставіць нас у адзін шэраг з такімі тэхналогіямі, як DVD, як камп'ютары, планшэты, 3D-прынтары. Таму што ўсе гэтыя тэхналогіі атрымалі ўзнагароду гэтай прэстыжнай прэміі. Гэтае прызнанне сапраўды ўсяляе гордасць, натхняе нас працаваць далей і больш, каб дапамагчы яшчэ большай колькасці жанчын".

Сёння замежныя эксперты ўключаюць Беларусь у пяцёрку самых перспектыўных тэхналагічных хабаў, якія прэтэндуюць на званне новай Сіліконавай даліны. Сапраўдным штуршком для росту дзелавой актыўнасці ў сферы IT стаў Дэкрэт № 8 Прэзідэнта "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Дакумент стварыў камфортныя ўмовы для такіх бізнес-стартапаў, якія атрымліваюць сёння сусветнае прызнанне.