Беларускія вытворцы бярозавіка выходзяць на рынкі Еўрапейскага саюза

9 апреля 2018

Масавы збор у прамысловых маштабах ужо пачалі і ў Гродзенскай вобласці. Лясгасы нарыхтавалі першую тысячу тон бярозавіка. Аматары свежага прадукту могуць набыць яго прама на лясных плантацыях. У той жа час за самавольную нарыхтоўку вітаміннага напою прадугледжаны вялікія штрафы - да 500 рублёў. Юрый Карняловіч вывучыў усю тэхналогію вытворчасці нацыянальнага прадукту.

Для леснікоў зараз гарачая пара - падобна жніву ў хлебаробаў. Працуюць з раніцы і да позняга вечара, бо перыяд нарыхтоўкі соку ўсяго два тыдні. Да справы падышлі дэталёва, правялі падсочку і нават дамовы на рэалізацыю прадукту склалі.

Да падсочкі бяроз у гэтым лясніцтве падыходзяць адказна. Сок здабываюць выключна з дрэў, якія праз пяць гадоў будуць высякацца. У лесніка, як і ва ўрача, галоўнае правіла - не нашкодзіць.

Нарыхтоўка бярозавіка - гэта цэлая навука. Па-першае, дрэва павінна быць абсалютна здаровым і ў дыяметры не менш за 20 сантыметраў. Вось гэтая бяроза ідэальна падыходзіць. Робім неглыбокі надпіл, да 5 сантыметраў, устаўляем латок і ўсё, можна чакаць. За суткі з гэтага дрэва збіраюць да 20 літраў карыснага напою.

Бярозавік - напой гаючы. А ў першыя дні пасля нарыхтоўкі ў ім максімальная колькасць вітамінаў. Вось і едуць мясцовыя жыхары па здароўе прама на плантацыю да леснікоў.

Да сезона падсочкі рыхтуюцца і перапрацоўшчыкі. На гэтым прадпрыемстве ўжо прамылі спецыяльныя ёмістасці і наладзілі абсталяванне. Першую партыю гаючага напою рыхтуюць да адгрузкі. Дарэчы, разліваюць сок выключна ў шкляную тару. Экалагічна бяспечная ўпакоўка - адно з галоўных патрабаванняў замежных пакупнікоў.

Дарэчы, акрамя традыцыйнага расійскага пакупніка, сёлета гродзенскі сок прадэгустуюць і еўрапейцы. Мясцовы лясгас заключыў кантракт з літоўскімі партнёрамі на пастаўку прадукцыі на рынкі ЕС.