Беларускія прадукты ствараюць чэргі ў Падмаскоўі

16 января 2013
Ні на секунду за дзень не прысесці, прызнаецца прадавец Марына. Не тое што жанчына скардзіцца: больш пакупнікоў - большы заробак, але за дзень вельмі стамляешся. У невялічкім магазіне на звычайным падмаскоўным рынку даволі багаты асартымент малочнай прадукцыі. Але вялікі попыт менавіта на беларускія тавары.

На ўра разыходзяцца беларускія сыры, масла, малако, згушчонка. Кліенты ў адзін голас гавораць: прываблівае не толькі кошт, але і якасць. Натуральнае і смачнае - так характарызуюць беларускую малочную прадукцыю пастаянныя пакупнікі. Цэны таксама прыемна радуюць вока, а таму звычайна людзі бяруць многа ўсяго.
Яшчэ адна жанчына - індывідуальны прадпрымальнік, якая назвалася Кацярынай, расказвае: некалькі месяцаў таму вымушана была змяніць месца гандлю - стары рынак зачыніўся. Але пастаянныя кліенты лёгка адшукалі яе. Кацярына гандлюе беларускай вопраткай. У пошуках натуральных тканін і вялікай памернай лінейкі пастаянныя пакупнікі знайшлі прадпрымальніцу і на новым месцы.
А гэта ўжо мясная лаўка. Беларускія каўбасы - яшчэ адзін брэнд для сярэднестатыстычнага пакупніка. І ўсё тымі ж эпітэтамі ўзнагароджваюць беларускую прадукцыю кліенты: натуральнае, смачнае, якаснае.
Мяркуючы па тым, што народная сцяжынка да палатак з беларускімі таварамі на звычайным падмаскоўным рынку не зарастае, экспартны патэнцыял у беларускіх вытворцаў вялікі. Ды і гарадскія ўлады з радасцю чакаюць беларусаў з якаснымі таварамі.
Між тым, экспарт спажывецкіх тавараў - прыярытэтны напрамак беларускай эканомікі. І тое, што звычайныя расіяне нярэдка галасуюць рублём за беларускія тавары, дае стымул вытворцам заваёўваць і іншыя рынкі.