Беларускія прадпрыемствы працягваюць актыўную мадэрнізацыю вытворчасці

9 Чэрвеня 2016

Гэта неабходна як для ўтрымання пакупніка на ўнутраным і знешнім рынках, так і для пашырэння сваёй прысутнасці. Сучаснае абсталяванне не толькі павышае якасць прадукцыі і зніжае яе сабекошт, але і дазваляе выпускаць тавары, традыцыйныя для замежных рынкаў, тым самым вырашаючы праблему імпартазамяшчэння. Тэму прадоўжыць наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк.

Прыклад удалай працы - беларуская алкагольная прадукцыя Мінскага завода вінаградных він. Якасць з года ў год пацвярджаецца міжнароднымі ўзнагародамі на розных еўрапейскіх конкурсах. Рублём галасуе і беларускі пакупнік. Нароўні з традыцыйнымі алкагольнымі напоямі завод асвоіў выпуск віскі, тэкілы, рому і грапы. І здолеў адваяваць значную долю ўнутранага рынку ў замежных кампаній. Працуюць напрамую з замежнымі вытворцамі. Узяць хаця б шатландскае віскі. Сёння ў гэтага букета пад беларускім коркам той жа смак, што і пад шатландскім. Пастаўляюць оптам патрэбнай крэпасці, ніхто на заводзе гатовы прадукт не разводзіць.

Сцюарт Томпсан, рэгіянальны дырэктар па Паўночнай і Усходняй Еўропе кампаніі Ian Macleod Distillers Ltd (Шатландыя): "Увесь працэс вытворчасці віскі адбываецца ў Шатландыі. Адзіная стадыя, якой займаецца Мінскі завод вінаградных він - бутыляванне. Тут вельмі строгі кантроль якасці. Я магу з поўнай упэўненасцю сказаць, што той прадукт, які прадаецца ў Беларусі, па якасці такі ж, як у Шатландыі".

Дарэчы, у гэтага беларускага вытворцы ёсць сертыфікат афіцыйнага імпарцёра шатландскага віскі. Пры гэтым цана для беларускага пакупніка не кусаецца. У выніку за апошнія гады выпуск павялічыўся ў некалькі разоў. Такім жа шляхам - разліваннем замежных марак у сябе - ужо многія гады ідзе Літва. А за апошнія гады літоўскія партнёры перадалі беларусам вытворчасць сваёй гарэлкі па франшызе. Яны прыязджаюць на прадпрыемства, правяраюць усе стадыі вытворчасці. Іх брэнд сёння ўжо канкурыруе з вядомымі сусветнымі вытворцамі. "Стумбрас" 60% ад вытворчасці адпраўляе на экспарт.

Альгірдас Чыбурыс, дырэктар па маркетынгу кампаніі Mv Group (Літва): "Калі мы пачалі працаваць з мінскім заводам, якасць была самай галоўнай тэмай, якую мы абмяркоўвалі. Мы вельмі рады таму, што робіць праект разлівання па франшызе, мы не саступілі ні па адным пункце: смак, афармленне".

Сёння вядомыя брэнды разліваюць сваю прадукцыю там, дзе гэта лагістычна зручна і эканамічна выгадна. Наконт гэтага гаварылі беларускія вытворцы і замежныя пастаўшчыкі алкагольных напояў за круглым сталом у Мінску. Дарэчы, і нам ёсць што прапанаваць іншаземцам. Беларускія вытворцы здолелі стварыць прызнаны ў свеце брэнд - беларускую гарэлку. Мінскі завод вінаградных він экспартуе яе ў 17 краін свету. Якасць не саступае вядомым брэндам, але прабіцца на сусветныя рынкі складана, бо кожны абараняе свайго вытворцу.

Іван Троцкі, гендырэктар ЗАТ "Мінскі завод вінаградных він": "У гэтай няпростай сітуацыі зразумела, што асноўная частка прадукцыі застаецца на ўнутраным рынку, але мы пастаянна шукаем дадатковыя каналы збыту. І на сённяшні дзень, на маю думку, адным з прыярытэтных напрамкаў з'яўляецца Інтэрнэт".

Вопыт анлайн-гандлю ёсць на Захадзе і ў нашых суседзяў. Прычым, непаўналетнім праз Інтэрнэт больш складана купіць спіртное, чым у магазіне. Бо пры дастаўцы заўсёды правяраецца пашпарт і аплата робіцца толькі банкаўскай карткай.