Беларускія "паляўнічыя на ўраджай" завяршаюць уборачную кампанію

24 августа 2016

Аграрыям засталося апрацаваць ледзь больш як 6% плошчаў. На сёння вага рэспубліканскага каравая складае каля 7 мільёнаў тон. Ліпеньскія зацяжныя дажджы, ліўні і нават ураганы не змаглі парушыць планы аграрыяў. Дзяржзаказ плануюць выканаць у поўным аб'ёме. Першыя вынікі ўборачнай падвёў Аляксандр Харавец.

Гэта апошняе ў сезоне пяцідзясятае ўключэнне збожжасушыльнага комплексу ў Анатоля Кнаразоўскага. За тры тыдні ўборачнай ён высушыў больш як 8 тысяч тон збожжа. Гаворыць, гэтая кампанія для яго праляцела, як адзін дзень.

Аграрыі на гэтым прадпрыемстве ўбралі хлеб за тры тыдні. У выніку намалацілі 20 тысяч тон збожжа. Сёння дасушваюць апошнюю трыцікале. Гавораць, кожнае зярнятка на вагу золата. Ужо заўтра тут пачнуць генеральную ўборку і закансервуюць комплекс да наступнага сезона.

Дасведчаныя спецыялісты гавораць: аб гатоўнасці збожжа можна меркаваць па смаку і гучным пахрустванні падчас раскусвання. Зрэшты, сёння аграрыі замест дзедаўскіх спосабаў выкарыстоўваюць вось такія сучасныя вільгацямеры. Да прыкладу, вільготнасць збожжа на насенне не павінна перавышаць 14%. У нашым выпадку 13,8. У гэтым сховішчы знаходзіцца 200 тон пшаніцы, якая спакойна праляжыць да наступнай пасяўной.

Сёлета хлеб у краіне ўбіралі з 2 мільёнаў гектараў палёў. Дзяржзааказ выкананы на 90%.

Каравай-2016 ужо важыць амаль 7 мільёнаў тон. У лідарах па намалоце Мінская вобласць - каля 2 мільёнаў тон. Далей па змяншальнай ідуць Гродзенская, Брэсцкая, Гомельская. У кожным рэгіёне сабралі звыш за мільён тон збожжа. Зусім трохі да мільёна не хапіла Магілёўскай вобласці. Намалот паўночнага рэгіёна - амаль 700 тысяч тон. Зрэшты, тут яшчэ неабходна ўбраць каля 30% плошчаў.

Усяго ж у засекі краіны паступіць каля 9 мільёнаў тон хлеба. Гэта з улікам кукурузы. Сярэдняя ўраджайнасць складае каля 34 цэнтнераў з гектара. Для параўнання: за апошнія 10 гадоў гэтая лічба вырасла амаль у два разы. І сёння мы цалкам адмовіліся ад імпарту збожжа.

У большасці рэгіёнаў краіны ўборачная завяршылася. Але пакуль механізатары не спяшаюцца ставіць камбайны ў гаражы. Дапамагаюць на прысядзібных участках. У Ларысы Якаўлевай - 25 сотак трыцікале. Кожную разам з бухгалтарам для вернасці яшчэ раз вымяраюць крокамі. Далей - справа тэхнікі. У дапамогу - два "Палессі", вылучаных мясцовым сельгаспрадпрыемствам. На ўсё ідзе не больш як гадзіна.

За паслугі па ўборцы збожжа гаспадыня заплаціла каля 40 рублёў. А ў выніку атрымала звыш тоны ўраджаю. Выгада для прыватнага падворка відавочная, гаворыць жанчына. Толькі ў Буйніцкім сельсавеце больш за 200 такіх участкаў. І лічаныя дні на ўборку, бо надвор'е напярэдадні восені капрызнае.

Наперадзе аграрыяў чакае ўборка кукурузы. Сёлета ўраджай абяцае быць добрым, гавораць спецыялісты, - больш за мільён 200 тысяч тон. Вынікі ўборачнай кампаніі і ўзнагароджанне тых, хто стаў лепшым, па традыцыі адзначаць на галоўным аграрным свяце - "Дажынках".