"Беларускія шпалеры" пашыраюць свае магчымасці

28 сентября 2016

У склад холдынга ўвайшлі тры вядучыя прадпрыемствы канцэрна Беллеспаперапрам. Паводле слоў спецыялістаў, такая інтэграцыя дазволіць вырашыць некалькі праблем, у тым ліку з загрузкай вытворчых магутнасцяў. З'явяцца на рынку і новыя віды прадукцыі. Марына Раманоўская прадоўжыць.

"Чырвоная зорка" - адно з найстарэйшых прадпрыемстваў цэлюлозна-папяровай прамысловасці Беларусі. У сваёй галіне фабрыка – сярод самых сучасных і высокатэхналагічных. Спецыялізуецца прадпрыемства на выпуску паперы для гафрыравання. За суткі тут вырабляюць каля 80 тон прадукцыі.

Гэта найстарэйшы цэх прадпрыемства. Больш за 100 гадоў тут выпускаюць паперу. Два гады таму яго цалкам абнавілі. Мадэрнізацыя дазволіла не толькі павялічыць аб'ёмы вытворчасці, але і палепшыць якасць прадукцыі.

А ў перспектыве - асваенне новай лінейкі тавараў. Выйсці на больш высокі ўзровень працы зараз прадпрыемства зможа і дзякуючы ўступленню ў холдынг. Апроч "Чырвонай зоркі" ён папоўніўся яшчэ двума вядучымі прадпрыемствамі канцэрна Беллеспаперапрам. Кіраўнікі прадпрыемстваў ужо падпісалі адпаведны дакумент.

Дарэчы, гэта не першы вопыт аб'яднання ў холдынг профільных прадпрыемстваў. Такую форму працы практыкуюць у дрэваапрацоўчай галіне краіны. Таму ўжо зразумела, на якія моманты варта звярнуць увагу.

Такая інтэграцыя, паводле слоў спецыялістаў, дапамагае вырашаць адразу некалькі праблем. Для прадпрыемстваў - удзельнікаў канцэрна гэта рэальная дапамога ў загрузцы вытворчых магутнасцяў. У першую чаргу - за кошт бесперабойных паставак сыравіны, агульнай маркетынгавай палітыкі і лагістыкі.

Перавагі ад уступлення ў холдынг ужо адчула і Добрушская папяровая фабрыка. Часткай карпаратыўнага аб'яднання прадпрыемства стала ў 2011 годзе. За гэты час тут удалося не толькі стабілізаваць фінансавае становішча, але і захаваць кваліфікаваныя кадры.

Адчуюць выгаду і звычайныя спажыўцы. За кошт уласнай сыравіны і перапрацоўкі ўнутры холдынга знізіцца сабекошт тавара. З'явяцца на рынку і новыя віды прадукцыі. У структуры холдынга ўжо будуюць завод па вытворчасці кардону.