Так, Жлобінскі мясакамбінат, да прыкладу, стаў актыўна асвойваць рынкі Казахстана і Таджыкістана. У прадпрыемства ёсць сертыфікат "Халяль", ён быў уручаны аб'яднаннем юрыдычных асоб "Асацыяцыя "Халяль Індустрыя Казахстана". І зараз лепшыя беларускія тэхналогіі па вырабе чыстай і бяспечнай прадукцыі могуць ацаніць усходнія гурманы. Нягледзячы на ўсе намаганні, пакуль прадпрыемства перажывае не самыя лепшыя часы. Як шукаюць тут шляхі вырашэння праблемных пытанняў - высвятляла Вольга Халадовіч.
Тут заўсёды арыентаваліся на экспарт і прыкладна палову прадукцыі паспяхова прадавалі ў Расію. Але апошнім часам аб'ём паставак Жлобінскага мясакамбіната знізіўся амаль на 30%.
Рынкавыя ўмовы і высокія міжнародныя стандарты якасці з аднаго боку ўскладнілі задачы маркетолагам, а з іншага - прымусілі па-новаму зірнуць на ўсю лінейку прадукцыі. Так, у цэхах асвоілі выпуск вырабаў пад маркай "Халяль". Асноўныя пакупнікі ў Таджыкістане і Казахстане.
На прадпрыемстве не ўтойваюць: праблемы ёсць, але яны вырашаюцца. У 2015 годзе тут разлічваюць павялічыць валютны прыбытак як мінімум у паўтара раза ў параўнанні з мінулым.
Шляхі вырашэння праблем тут шукае не толькі топ-менеджмент. Шматлікія пытанні абмяркоўваюцца калектыўна. Такім чынам, кожны працаўнік разумее, што адбываецца на прадпрыемстве.
Настроі, меркаванні і факты знаходзяць адлюстраванне ў штодзённым эфіры Белтэлерадыёкампаніі. Быць бліжэй і разумець, што хвалюе людзей, - першарадная задача журналістаў. І калі ёсць праблема, то ў сілах журналістаў прыцягнуць увагу да яе. Аб гэтым гаварылі сёння працаўнікі прадпрыемства з кіраўніком галоўнага медыяхолдынга краіны. Задавалі Генадзю Давыдзьку пытанні на агульным сходзе, а самым патаемным прыйшлі падзяліцца на асабістым прыёме.
Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Вельмі прыемна, калі ты нешта паабяцаў, і табе ўдаецца гэта ажыццявіць. Калі мы сустракаліся з гэтым калектывам, не было тэлеканала "Беларусь 5", яшчэ фарміраваўся. Зусім быў маленькім канал "Беларусь 3". Прыемна было пачуць, што людзі глядзяць, патрабуюць гэты канал, ён ім падабаецца".
Два гады таму - на папярэдняй сустрэчы з калектывам - стварэнне новых тэлеканалаў яшчэ абмяркоўвалася. Сёння - гэта папулярны кантэнт. А значыць, такія сустрэчы - самы прамы шлях рабіць тэлебачанне цікавым, сучасным і запатрабаваным.













