Айчынныя машынабудаўнікі рыхтуюцца да міжнароднай выставы "БелАгра". Сёлета аграпрамысловы тыдзень пройдзе на пляцоўках індустрыяльнага парка "Вялікі камень" з 7 чэрвеня. Гэтымі ж днямі вытворцы адгружаюць машыны і агрэгаты сельгаспрадпрыемствам. Так, толькі Мінская вобласць замовіла дзясяткі 20-тонных паўпрычэпаў завода "Амкадор-Семаш" з Дзяржынска. Тэхніка ўніверсальная: перавозіць і ўносіць на палі арганіку. Зараз, дарэчы, гэта актуальна для будучай сяўбы кукурузы. Таксама сярод навінак холдынга і аб'ёмныя прычэпы для перавозкі рулонаў з кармамі або сенам.
І, дарэчы, зараз большасць раёнаў Мінскай вобласці прыступіла да сяўбы ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур. Сярод іх і харчовая пшаніца для дзяржзаказу. Усяго ж толькі яравымі ў гэтым сезоне засеюць больш за паўмільёна гектараў зямель.













