Беларускія кандытары прадэманструюць сваю прадукцыю на Шанхайскай выставе

3 мая 2018

У сярэдзіне мая на Шанхайскай выставе сваю новую прадукцыю прадэманструюць беларускія кандытары. Гэта каля 10 найменняў цукерак, вырабленых спецыяльна для рынку Кітая. Пра новыя густы і змяненне рэцэптуры на адной са сталічных фабрык сёння распавялі ўдзельнікам прэс-тура кітайскіх СМІ. Госці змаглі не толькі пакаштаваць і ацаніць беларускія прысмакі, але і ўбачыць усе этапы вытворчасці. Штогод фабрыка выпускае больш за 25 тысяч тон прадукцыі.

Вэй Чжунцзэ шэф-карэспандэнт Мінскага карпункта кітайскага інфармагенцтва "Сіньхуа": "Абавязкова мы будзем пісаць пра гэта. Мы ведаем, што беларускія цукеркі вельмі высакаякасныя, але толькі густы беларусаў і кітайцаў крыху адрозніваюцца. Як толькі што сказаў гендырэктар, кітайцы любяць не вельмі салодкія цукеркі, а беларускія цукеркі вельмі салодкія".

На рынку Кітая прадукцыя толькі гэтага сталічнага кандытарскага прадпрыемства прапанавана з сярэдзіны 2015 года. Усяго на экпорт у 19 краін ідзе траціна прадукцыі, што выпускаецца.