Беларускія дэпутаты ў распрацоўцы законаў будуць выкарыстоўваць аналітычныя інструменты групы Сусветнага банка

18 июня 2018

Сёння пра гэта заявіў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы. Уладзіслаў Шчэпаў адзначыў, што даследаванні Сусветнага банка паказваюць экспертную ацэнку тых тэндэнцый, якія назіраюцца ў нашай краіне ў макраэканоміцы, банкаўскім сектары, у галіне эфектыўнасці кіравання інвестыцыямі і дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Прадстаўнікоў групы Сусветнага банка плануюць запрасіць на абмеркаванне заканадаўства ў сферы інвестыцый і прыватызацыі. Сённяшняя сустрэча прайшла з ініцыятывы міжнародных партнёраў.

Уладзіслаў Шчэпаў, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Зараз фарміруецца бюджэт краіны на 2019 год і на перыяд да 2021 года, акрамя таго, у нас у планах ёсць шэраг законапраектаў, звязаных з дзейнасцю Сусветнага банка ў сацыяльнай сферы, адукацыі, напрыклад, Кодэкс аб адукацыі, які абмяркоўваецца ў Палаце прадстаўнікоў. І нам цікавыя тыя навэлы, якія прапаноўваюцца Сусветным банкам".

Алекс Крэмер, кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі: "Можна вылучыць дзве найболей цікавыя тэмы, над якімі мы будзем сумесна працаваць. Першае - будзем больш глыбока ўдзельнічаць у дыялогу з беларускімі органамі дзяржкіравання наконт тых структурных эканамічных ператварэнняў, якія неабходныя краіне. Другое - мы будзем падтрымліваць працу па мадэрнізацыі сектара вышэйшай адукацыі Беларусі".

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка нагадаў, што, паводле новай стратэгіі, банк вылучыць Беларусі 570 млн долараў, таксама плануецца дадатковае фінансаванне, якое можа дасягнуць 120 млн долараў.