Беларускія аграрыі пераадолелі мільённую мяжу ў намалоце збожжа

25 июля 2016

Уборачная кампанія ў самым разгары. Ліпеньскія зацяжныя дажджы, ліўні і нават ураганы не змаглі парушыць планы аграрыяў. Пачакаўшы некалькі дзён, пакуль вада сыдзе з палёў, яны зноў на перадавой. Задача - у самыя кароткія тэрміны, пакуль дазваляе надвор'е, зладзіцца з уборачнай. Балазе, усе рэсурсы для гэтага ёсць. Тэмпы на жніве набіраюць і ў гаспадарках Магілёўскай вобласці. Гэты тыдзень для рэгіёна стане гарачым. Усе падрабязнасці ў Андрэя Ястрабава.

Малады экіпаж у складзе Яўгена Бякешкі і Сяргея Макаронка на жніве трэці раз. Жартуюць, самы раз, каб заняць лідарскія пазіцыі. Сёлета ў роднай гаспадарцы "Іскра" больш за тысячу трыста гектараў хлеба. Але з такім надвор'ем, упэўненыя камбайнёры, за некалькі дзён зладзяцца.

Дзяржзаказ у гаспадаркі 570 тон збожжа. З іх 380 ужо ў засеках. Засталося менш за палову. Цалкам забяспечаныя ГЗМ, тэхнікай. Пакуль абыходзяцца без дадатковай дапамогі. Сёлета літаральна з першага дня ўборачнай задзейнічаныя і сушыльныя комплексы.

Спецыялісты гавораць, што добрае збожжа нават на смак можна вызначыць. Яно павінна быць моцным. Каштуем самі і пераконваемся: трэба дасушыць.

Штодня праз гэты сушыльны комплекс праходзіць да 200 тон збожжа. Але гэта пакуль праца наладжаная не кругласутачна. У выніку гэта атрымліваецца з дзясятак машын. Пры павелічэнні аб'ёмаў гэтая лічба вырасце ўдвая. А сушылка стане працаваць і ўначы.

Першы мільён тон збожжа ўжо ў рэспубліканскім караваі.

Пакуль найболей важкі ўклад у агульную справу занеслі аграрыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей - там жніво пачалося раней за астатнія рэгіёны краіны. Навочна гэта выглядае так: амаль 400 000 тон намалочана ў Гомельскай вобласці, далей па змяншэнні ідуць Брэсцкая, Мінская, Гродзенская і Магілёўская. Апошнім да кампаніі далучыўся Віцебскі рэгіён - тут намалочана каля 15 000 тон збожжа.

Сёлета ў краіне трэба сабраць больш за 2 млн га палёў. Атрымаць больш за мільён тон харчовага збожжа і 6 млн тон фуражнага. Усяго ж у засекі краіны, як чакаецца, паступіць 9 млн тон хлеба.

Не меней, чым летась, на ўборачнай будзе задзейнічана і тэхнікі. Толькі каля 10 000 камбайнаў выйдуць у палі Беларусі ў гэтыя дні. Дадатковыя 18 адзінак пастаўленыя ў СВК краіны перад жнівом-2016. Новенькія "Палессе" ўжо ў страі.

Уборку збожжавых аграрыі плануюць завяршыць на працягу 3-4 тыдняў. Тым больш што сіноптыкі абяцаюць на гэтым тыдні добрае надвор'е.