Беларускія аграрыі намалацілі 2 мільёны 128 тысяч тон збожжа

26 июля 2019

Убрана 30 працэнтаў плошчаў. У лідарах па-ранейшаму Брэсцкая вобласць. Тут сабрана 723 тысячы тон збожжа. Асвоіць засталося 40 працэнтаў палёў. Да паўмільённай адзнакі імкліва набліжаюцца Гродзенскі і Мінскі рэгіёны. З аднаго гектара аграрыі па краіне ў сярэднім збіраюць ледзь больш як 33 цэнтнеры збожжа.

У Магілёўскай вобласці штодня дабаўляюць па 6 тысяч гектараў. А агульны намалот збожжа перавысіў 150 тысяч тон. Галоўная задача - набраць тэмп. Таму ў раёнах ловяць кожную пагодлівую гадзіну. У гаспадарцы Цішоўка Магілёўскага раёна ўжо ўбралі чвэрць ураджаю. Тут перайшлі на вячэрнюю ўборку. Амаль кругласутачна працуюць і зернесушылкі. Сёлета ў Магілёўскай вобласці чакаюць рэкордны ўраджай збожжавых - мільён 150 тысяч тон.