Беларускія аграрыі пачалі нарыхтоўку кукурузнага зерня

7 сентября 2019
Частка ўраджаю пойдзе на харчовыя мэты. Астатняе - у насенны фонд. Паралельна працягваецца і нарыхтоўка культуры на сілас. Нядрэнныя паказчыкі ў гэтым у аграрыяў самага кукурузнага раёна краіны - Мазырскага. Там янтарная культура займае больш за палову ўсіх плошчаў. Пра асаблівасці  ўборкі  і планы аграрыяў  Ганна Кавалёва.

Уборка кукурузы на зерне як фінішная прамая ў нарыхтоўцы збожжавых. І літаральна кожная вобласць краіны на яе ўжо выйшла. Дарэчы, паўднёвы рэгіён сёлета зрабіў стаўку менавіта на кукурузу: яна самая ўстойлівая да капрызаў надвор'я.

Гэты камбайн 1218 у сёлетнім жніве дэбютант. Працуе ў дуэце з вопытным тысячнікам Алегам Рыхцікам. Аграрны дуэт з круга збірае па 70 цэнтнераў зерня. 

Гэтымі днямі кукурузу убіраюць і на зерне, і на сілас. Для маладняку  гэта самы лепшы корм: тут вітамін С, вугляводы, амінакіслоты і арганічныя тлушчы. А вынік такой дыеты - высокія надоі малака.

Усяго ў рэгіёне пад нарыхтоўку кукурузнага сіласу адвялі 240 тысяч гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць зялёнай масы - 180 цэнтнераў.

Увогуле самы кукурузны раён для Гомельскай вобласці менавіта Мазырскі. Царыца палёў тут займае 55 % плошчаў. Нягледзячы на вялікія аб'ёмы,  палеткі дагледжаныя. Якасць і тэмпы ўборкі на ўзроўні. Пры гэтым  некаторыя раёны на такім фоне прыкметна адстаюць.

Ідэальны перыяд уборкі сіласу - найбліжэйшыя 3 тыдні. Калі зацягнуць,  страты стануць больш адчувальныя, а надвор'е можа і зусім спыніць работу. Не менш стратэгічная задача - захаваць і кукурузнае зерне. Добры прыклад у гэтым - саўгас-камбінат «Зара». Тут прымяняюць сучасную тэхналогію - плюшчэнне зерня ў 60-метровыя поліэтыленавыя рукавы. Іх ёмістасць - 90 тон. Без страты якасці захоўваць ураджай такім чынам можна да двух гадоў. 

Адначасова з уборкай і пакаваннем кукурузы стартавала і нарыхтоўка насення. Патрэбнасці краіны ў ім на 40 % закрывае кукурузакалібровачны завод у Мазыры.

Тут працуюць з васьмю гібрыдамі. Зараз прыёмка катахоў ідзе ў рэжыме нон-стоп. Праца ў тры змены. Каля лінейкі 60 чалавек. З пачатку ўборкі кукурузы прынялі ўжо 2 тысячы тон ўраджаю. 120 гадзін на сушку, затым  абмалот, лабараторныя тэсты і каліброўка. 

Дарэчы, збожжавых з улікам кукурузы па ўсёй краіне ўжо намалацілі больш за шэсць з паловай мільёнаў тон. Завяршыць палявыя работы плануюць у наступным месяцы. На тым жа мазырскім заводзе апошнюю партыю кукурузы прымуць 20 кастрычніка. І падрыхтоўку да пасяўной завершаць да 1 красавіка.