БВФБ зможа выконваць некаторыя банкаўскія аперацыі

19 января 2016

Беларуская валютна-фондавая біржа атрымала права ажыццяўляць банкаўскія і іншыя аперацыі, неабходныя для арганізацыі разлікаў паміж кампаніямі, прадпрыемствамі, краінамі. Гэта прадугледжана ўказам, падпісаным Прэзідэнтам напярэдадні. Біржай будзе забяспечвацца надзейнасць грашовых аперацый. Каб знізіць рызыкі невыканання здзелак, прадугледжваецца права ствараць гарантыйныя фонды за кошт уласных сродкаў, унёскаў удзельнікаў гандлю і іншых крыніц. Па сутнасці, валютна-фондавая біржа фармальна стане небанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыяй. Раней адказным за каштоўныя паперы, валюту і тэрміновыя кантракты быў Нацыянальны банк. Новаўвядзенне накіраванае на павышэнне якасці паслуг і канкурэнтаздольнасці біржы ва ўмовах функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза.

Андрэй Аўхіменя, старшыня праўлення ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа": "Біржа ў бягучым годзе створыць схему разлікаў і гандлю, зразумелую для замежных інвестараў. Гэта дазволіць прыцягнуць дадатковыя інвестыцыі ў эканоміку Беларусі і накіраваць іх на развіццё рэальнага сектара эканомікі".

Таксама гэтыя змены неабходныя для больш эфектыўнага развіцця біржы - хуткасці правядзення разлікаў. Да прыкладу, удзельнікі гандлю змогуць больш аператыўна кіраваць сваімі грашовымі рэсурсамі. Указ увойдзе ў сілу праз паўгода пасля падпісання.