Беларуская атамная электрастанцыя цалкам пачне працаваць у першым паўгоддзі 2022 года

1 декабря 2020

Тэрміны ўводу ў эксплуатацыю двух энергаблокаў указам зацвердзіў прэзідэнт. Першы ўжо ўключаны ў агульную энергасістэму краіны з лістапада і на дадзены момант выйшаў на магутнасць 40 %. У доследна-прамысловую эксплуатацыю яго збіраюцца ўвесці ў наступным годзе. Урад будзе прызначаць прыёмачныя камісіі не менш чым за 40 дзён да запланаванай даты ўводу ў эксплуатацыю кожнага блока. Таксама вызначаць пералік дзяржорганаў і арганізацый, якія выдаюць заключэнне аб гатоўнасці да працы.

Беларуская АЭС сучасная і бяспечная

Адзначым, Беларуская АЭС - першая атамная электрастанцыя ў нашай краіне. Асноўны партнёр па будаўніцтве - Расія. Праект адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі. Гэта не раз пацвярджалі міжнародныя экспертныя місіі. Сумарная магутнасць 2 тысячы 400 мегават. Будынак рэактара мае падвойную ахоўную абалонку. Ён не пацерпіць у выпадку землетрасення, урагану, выбуху і іншых знешніх уздзеянняў. Такім чынам, Беларусь атрымлівае стабільную, экалагічна чыстую крыніцу энергіі, якая дазволіць забяспечыць каля траціны ўнутраных патрэбнасцей.