Беларуская АЭС. Навіны з галоўнай беларускай будоўлі

25 февраля 2018

І да навін з галоўнай беларускай будоўлі. Беларусь цалкам пераходзіць на спажыванне сваёй электраэнергіі. Адмову ад расійскага імпарту ўчора ў Астраўцы на будпляцоўцы БелАЭС пацвердзіў кіраўнік Мінэнерга Уладзімір Патупчык.

Рашэнне заканамернае: у апошнія гады вырабляем і больш, і танней. Беларуская кілават-гадзіна вытрымлівае канкурэнцыю з расійскімі энергетыкамі. Прытым што цана газу для Беларусі нашмат большая. А ў цане кілавата блакітнае паліва - галоўны складальнік.

Паміж тым падлічана, што газавую залежнасць нашай краіны - прытым напалову - знізіць запуск атамнай станцыі. Сёння на пляцоўцы ў Астраўцы ці не самая актыўная стадыя работ. Вырашальным назвалі і гэты год. Міністр, аднак, не хаваў: ад графіка адсталі. Але сёлета нагоняць. Сумнявацца, што БелАЭС увядуць у тэрмін, сёння не выпадае!

Зараз за ўрадам - праграма засваення новых магутнасцяў. Як эфектыўна выкарыстоўваць кілаваты, вырашаць да канца года. А заадно вызначацца, як працаваць з прыватнымі беларускімі кампаніямі, якім электрычнасць патрэбная для майнінгу крыптавалют. Першыя заяўкі паступілі ў Мінэнерга.