Белкамунмаш павінен стаць высокатэхналагічным прадпрыемствам

28 ноября 2014
Белкамунмаш павінен стаць высокатэхналагічным прадпрыемствам. Такое даручэнне даў Кіраўнік дзяржавы, адкрываючы тыдзень таму завод "Штадлер Мінск" у Фаніпалі. І сёння старшыня Камітэта дзяржкантролю наведаў Белкамунмаш, каб праверыць, як выконваецца распараджэнне Прэзідэнта. Леанід Анфімаў прайшоўся па вытворчых цэхах, дзе ствараюць пасажырскі гарадскі транспарт. У асноўным гэта тралейбусы і трамваі. Таксама старшыня КДК пагутарыў з кіраўніцтвам і работнікамі прадпрыемства. На жаль, былыя вытворчыя магутнасці завода зніжаныя ў некалькі разоў.
Леанід Анфімаў, старшыня КДК Беларусі: "Як гаварыў Кіраўнік дзяржавы, чаго ён чакаў ад спадара Шпулера з прыходам яго ў Беларусь, перш за ўсё, гэта прыўнясення новых тэхналогій, ноу-хау ў вытворчасці гарадскога электрычнага пасажырскага транспарту і навуковай арганізацыі працы. Пакуль я гэтага не ўбачыў. Гэта нідзе дакументальна не замацаванае. Калі Штадлер і спадар Шпулер асабіста бяруць на сябе такія абавязацельствы, то пасля вызначэння статус-кво Белкамунмаша ўжо можна гаварыць пра сумесную дзейнасць".
І сёння перад кіраўніцтвам завода "Белкамунмаш" была пастаўлена задача праводзіць агрэсіўную маркетынгавую кампанію па пошуку патэнцыйных пакупнікоў за мяжой.