БелАЗ умацоўвае супрацоўніцтва з машынабудаўнікамі з Амерыкі

11 сентября 2018

Беларускі аўтазавод умацоўвае супрацоўніцтва з машынабудаўнікамі са Злучаных Штатаў Амерыкі. Дэлегацыя кампаніі "Камінс" - вытворцы рухавікоў - у гэтыя дні знаходзіцца з візітам у Беларусі.

Дарэчы, сам БелАЗ актывізуе экспарт у краіны Лацінскай Амерыкі. У пастаўках тэхнікі для падземных работ зацікаўлены чылійцы. Аляксей Кандраценка пра трансатлантычныя ўзаемавыгадныя праекты.

Чвэрць стагоддзя дзелавога супрацоўніцтва і глабальнага гандлю! І больш за 6 000 адзінак кар'ернай тэхнікі БелАЗ з рухавікамі "Камінс", якія працуюць па ўсім свеце! Кааперацыя беларускіх і амерыканскіх машынабудаўнікоў - прыклад таго, як нягледзячы на перыядычныя цяжкасці трэба рухацца наперад.

Сённяшні візіт прамыслоўцаў з Амерыкі ў Жодзіна прымеркаваны да 70-годдзя Беларускага аўтазавода. Зрэшты, гэта і магчымасць для плённых перамоў аб супрацоўніцтве.

Сёлета «Камінс» паставіць на БелАЗ 800 рухавікоў. А гэта кантракт на 150 мільёнаў долараў. Вынік такога партнёрства - стабільны попыт на гатовую тэхніку Беларускага аўтазавода.

Сёння БелАЗ маштабна абнаўляецца і мадэрнізуецца. Гэта, дарэчы, таксама і плюс для прамысловага турызму. З гэтага часу для гасцей і абноўлены музей завода-гіганта.

Гасцей вабіць многае: новыя мадэлі, мадэрнізацыя. Вялікая цікавасць і да самага вялікага на планеце самазвала на 450 тон. Зрэшты, і самім амерыканцам ёсць што прапанаваць.

І калі сёння Беларускі аўтамабільны завод даступны толькі для спецыялістаў і дзелавых партнёраў, то 29 верасня на прадпрыемства змогуць трапіць усе ахвотнікі. Напярэдадні свайго 70-годдзя БелАЗ праводзіць дзень адчыненых дзвярэй.