БелАЗ прэзентаваў ноу-хау для прамысловасці Расіі

23 июня 2021

Сахалінская вобласць Расіі плануе закупіць у БелАЗа партыю дызель-тралейвозаў для працы ў кар'ерах па здабычы вугалю. Доследную мадэль такой машыны напярэдадні прэзентавалі ў Жодзіне на спецыяльна абсталяваным палігоне. Частку шляху машына праязджае ад электрычнасці, якую яна атрымлівае ад кантактнай сеткі (па прынцыпе тралейбуса). Ноу-хау спалучае ў сабе як экалагічнасць, так і эканамічнасць. Дарэчы, з улікам дарагоўлі дастаўкі паліва на востраў Сахалін тут пабудуюць ветраэлектрастанцыю, што, па словах як машынабудаўнікоў, так і менеджараў горназдабыўных кампаній, яшчэ адзін крок на шляху да зялёных тэхналогій.

І яшчэ адну сваю зялёную распрацоўку Беларускі аўтазавод паказаў упершыню. Гэта кар'ерны самазвал на 90 тон поўнасцю на акумулятарных батарэях. Такая электрамашына, па задумцы, зможа працаваць разам з дызель-тралейвозамі ў вугальных і іншых кар'ерах. Госці з Сахаліна змаглі асабіста выпрабаваць навінку.  

Яшчэ адно ноу-хау Беларускага аўтазавода -   комплекс беспілотнікаў  кар'ернага самазвала і пагрузчыка - сёння праходзіць выпрабаванні ў кар'ерах у Мікашэвічах Брэсцкай вобласці.