БелАЗ прэзентаваў найбуйнейшы самазвал у свеце

28 сентября 2013

Новую мадэль грузападымальнасцю ў 450 тон прадэманстравалі ў Жодзіне ў Дзень машынабудаўніка. Сама машына важыць больш за 800 тон і можа разагнацца да 64 кіламетраў за гадзіну. На што яшчэ здольны гэты кар'ерны гігант, з чым можна параўнаць яго памеры, і які ж там расход паліва?


Усе дэталі высветліў наш карэспандэнт Якаў Бута. На стварэнне самага вялікага ў свеце самазвала ў каманды Аляксандра Наскаўца пайшло менш за 2 гады. За новую мадэль кіраўнік праекта ўжо атрымаў не адну прэмію і званне Чалавек года. Канструктар пераконвае: аналагаў у гэтай машыны нават блізка няма.


БелАЗ 75-710 больш нагадвае вялізны дом на вялізных колах. Вышыня - за 8 метраў. Дваццаць пяць прыступак да кабіны. Завадчане жартуюць, што ў наступнай мадэлі самазвала можна смела ўсталёўваць ліфт. Вышыня параўнальная з чатырохпавярховым жылым домам.


Памеры самазвала сапраўды дзівяць. Калі яго вывесці на галоўны праспект краіны - Незалежнасці, то ён цалкам перакрые рух у адным з кірункаў.


Сумарная магутнасць двух 16-цыліндравых рухавікоў - 4600 коней. Поўная маса самазвала - 810 тон! А аб'ём кузава - як плавальны басейн!


Завод ужо рыхтуецца падаць заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Але распрацоўваўся гігант у рэальнай прамысловасці. Пад зборку гэтага волата на заводзе спецыяльна пабудавалі новы корпус і закупілі 11 наймагутнейшых кранаў. Зразумела, новае абсталяванне будуць выкарыстоўваць і для працы над іншымі мадэлямі. У цэлым жа ў найбліжэйшыя пяць гадоў у вытворчасць укладуць амаль паўмільярда долараў.


Попыт на новую мадэль ужо ёсць. Першы ўзор рыхтуецца да адпраўкі на Кузбас. Там заявілі аб гатоўнасці набыць тры такія машыны, камплектуючыя для якіх на жодзінскім заводзе ўжо закупляюць.







Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя