БелАЗ прэзентаваў найбуйнейшы самазвал у свеце

22 января 2014
Новую мадэль грузападымальнасцю 450 тон паказалі ў Жодзіне ў Дзень машынабудаўніка. Сама машына важыць больш за 800 тон і можа разагнацца да 64 кіламетраў за гадзіну. На што яшчэ здольны гэты кар'ерны гігант, з чым можна параўнаць яго памеры і які ж там расход паліва?

Усе дэталі высветліў наш карэспандэнт Якаў Бута.

Для таго каб зафіксаваць гэты рэкорд, БелАЗу прыйшлося нават зрушыць тэрміны пастаўкі першаму пакупніку гэтага гіганта. Пакуль адзіны экзэмпляр апошняй мадэлі самазвала адправіцца на кемераўскія кар'еры толькі ў лютым. Заказчык паставіўся з разуменнем.


На стварэнне самага вялікага ў свеце самазвала ў завода пайшло меней за 2 гады. БелАЗ 75-710 хутчэй нагадвае вялізны дом на колах. Вышыня - больш як 8 метраў.


Да кабіны - 25 прыступак. Завадчане жартуюць, што ў наступнай мадэлі самазвала можна проста ставіць ліфт. Вышыня параўнальная з чатырохпавярховым жылым домам.

Памеры сапраўды дзівяць. Калі самазвал вывезці на праспект Незалежнасці, то ён цалкам перакрые рух у адным з кірункаў.

Сумарная магутнасць двух шаснаццаціцыліндравых рухавікоў - 4600 канёў. Поўная маса самазвала (з грузам) - больш як 800 тон! Гучыць фантастычна, але гэта параўнальна з пятнаццаццю загружанымі боінгамі! А аб'ём кузава - як плавальны басейн!


Каб праверыць грузападымальнасць гіганта, у яго кузаў загружаюць больш за сто вось такіх блокаў. Вага кожнага з іх - амаль пяць тон.


Поўная загрузка кузава заняла шэсць гадзін. Увесь працэс здымалі на камеру. Дарэчы, нягледзячы на тое што грузападымальнасць гэтай мадэлі - 450 тон, у яе сёння загрузілі больш за 500.

Але распрацоўваўся гігант для высокіх дасягненняў не на паперы, а ў рэальнай прамысловасці.


Пад зборку гэтага волата на заводзе спецыяльна пабудавалі новы корпус і закупілі адзінаццаць наймагутнейшых кранаў. Зразумела, новае абсталяванне будуць выкарыстоўваць для працы і над іншымі мадэлямі. У цэлым жа ў найбліжэйшыя пяць гадоў у вытворчасць выдаткуюць амаль паўмільярда долараў. Інвестыцыі досыць хутка акупляюцца новымі заказамі.

Алег Сцяпук, першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ БелАЗ:
Ужо ёсць запыты з краін Азіі, Афрыкі, Амерыкі. Будзем спадзявацца, што эксплуатацыя першых мадэляў пакажа ўсё.


Пабіць рэкорд БелАЗа, паводле прагнозаў экспертаў, канкурэнты не змогуць наступныя тры гады.