БелАЗ пачаў выпускаць вулічныя трэнажоры

1 ноября 2016

Падцягнуцца на БелАЗе. Вытворца кар'ерных самазвалаў пачаў выпускаць вулічныя трэнажоры для развіцця каардынацыі і ўмацавання розных груп мышцаў. Разам з цягачамі з канвеера сыходзяць 8 мадэляў спартыўнага інвентару. Яны ўстойлівыя да змены надвор'я і абаронены ад вандалізму - іх вельмі цяжка сапсаваць.

Ці змогуць такія трэнажоры канкурыраваць з фітнес-клубамі і калі яны з'явяцца ў вашым двары, ведае Аляксандр Харавец.

Кожную вольную хвіліну Вольга Луніна прысвячае фітнесу. Майстар спорту па бодзібілдынгу і паўэрліфтынгу добра ведае, як падтрымліваць сябе ў выдатнай спартыўнай форме з мінімальнымі капіталаўкладаннямі. Таму ў распрацоўцы вулічных трэнажораў прымала актыўны ўдзел. Тэст-драйв спартыўнага інвентару праводзілі і работнікі прадпрыемства.

Ад першых чарцяжоў да пастаноўкі трэнажораў на канвеер інжынерам спатрэбілася каля паўгода. Спартыўны інвентар не баіцца капрызаў надвор'я і вандалаў. А канструкцыя вытрымлівае вагу да 150 кілаграмаў. Гарантыйны тэрмін службы - 5 гадоў.

Сёння ў лінейцы вулічных трэнажораў - 8 мадэляў. Яны прызначаюцца для развіцця каардынацыі рухаў і ўмацавання розных груп мышцаў цела. Паводле слоў канструктараў, калі да спартыўных заняткаў падыходзіць адказна і рэгулярна, то аматары актыўнага ладу жыцця будуць такімі ж здаровымі і моцнымі, як і велізарныя цягачы, што вырабляюць на прадпрыемстве.

Да канца года на заводзе абяцаюць распрацаваць яшчэ 7 мадэляў. Што дазволіць рабіць нагрузку на цела максімальна раўнамернай.

Уладзімір Сабанцаў, вядучы спецыяліст па маркетынгу ААТ "БелАЗ": "У залежнасці ад складанасці выканання цана вагаецца ад 150 рублёў да 500 рублёў за адзінку. Зараз выраблена 5 камплектаў. Рэалізавана 4 у Жодзіне".

Якасць белазаўскіх трэнажораў першымі ацанілі наведвальнікі моладзевага цэнтра Жодзіна. Як кажуць мясцовыя жыхары, спартыўны куток тут пустуе толькі ўначы і ў дажджлівае надвор'е.

Зараз канструктары завода распрацоўваюць навес для трэнажораў. У перспектыве такія мабільныя спартыўныя пляцоўкі павінны з'явіцца ў кожным двары.