Беларусь выйшла на рынак Кітая з мясам птушкі

25 апреля 2018

Кітай адкрыў свой рынак для беларускай птушкі. Права першых паставак, якія могуць стартаваць ужо ў сярэдзіне мая, атрымалі пяць прадпрыемстваў. Пра гэта нашаму тэлеканалу распавялі ў Мінсельгасхарчы. Такое рашэнне бакі прынялі па выніках інспекцыі і фінальнага візіту дэлегацыі Кітая на мінулым тыдні. Сёння экспартны патэнцыял па мясе птушкі ў Беларусі каля 150 тысяч тон за год. Частка гэтай прадукцыі пойдзе ў Паднябесную. Беларускія прадукты, у тым ліку і малочку, у Кітаі будзе прасоўваць сумесная кампанія, створаная днямі ў Шанхаі. У найбліжэйшы час будзе наладжаная іх дастаўка па чыгунцы. Асобную ўвагу нададуць электроннаму гандлю.

Зараз прадпрыемствы Мінсельгасхарча пастаўляюць у Кітай малочную прадукцыю, ялавічыну і лён. Па выніках мінулага года Беларусь паставіла на рынак партнёра сельгаспрадукцыі на 15 мільёнаў долараў. На гэты год ужо падпісаны кантракты на 100 мільёнаў долараў.

Таксама ў ведамстве паведамілі, што напярэдадні па відэасувязі адбыліся чарговыя перамовы па пастаўках малочнай прадукцыі ў Расію. Пазіцыя нашай краіны - захаваць аб'ёмы мінулага года, па кожнай таварнай пазіцыі спрабуюць дамовіцца асобна. Размова па відэасувязі працягнецца ў гэтую пятніцу. А візіт расійскага боку ў Мінск для вырашэння набалелых гандлёвых пытанняў адбудзецца пасля 9 мая. Адкласці перамовы папрасіла афіцыйная Масква.